Намесніка старшыні Партыі БНФ знялі з цягніка і не выпусцілі з Беларусі
Раніцай 3 траўня беларускія памежнікі знялі з цягніка Мінск-Кіеў намесніка старшыні Партыі БНФ Юрыя Лукашэвіча, паведамляе прэс-служба партыі. Палітык ехаў у Кіеў на беларуска-ўкраінскую канферэнцыю “Новае лідарства для Усходняй Еўропы“.
Падчас пашпартнага кантролю памежнікі заявілі Лукашэвічу, што яму забаронены выезд за межы Беларусі. Яму паставілі ў пашпарце штамп “У выездзе адмоўлена” і ссадзілі з цягніка.
Памежнікі не далі афіцыйных тлумачэнняў наконт адмовы ў выездзе. Вусна яны зазначылі, што ў Лукашэвіча ёсць “нейкія праблемы з Белдзяржуніверсітэтам”.
Увесну 2017-га Лукашэвіча, які на той час быў кіраўніком "Моладзі БНФ", адлічылі з гістарычнага факультэта Белдзяржунівэрсітэта за дзве атрыманыя вымовы. Сам Лукашэвіч сцвярджаў пра палітычныя прычыны адлічэння: ён удзельнічаў у абароне Курапатаў. Адміністрацыя заяўляла пра парушэнне ўнутраных правілаў БДУ.
Актывіст судзіўся за аднаўленне, але прайграў.