"Нашага нямецкага сябра высадзілі з цягніка і ніхто не гаворыць па-англійску"

"Нашага нямецкага сябра высадзілі з цягніка і ніхто не гаворыць па-англійску"

Блогер Антон Матолька апублікаваў гісторыю пра грамадзяніна Нямеччыны, якога беларускія памежнікі знялі з цягніка Мінск — Вільня. Ён гасціў ў сяброў у Мінску і ехаў у Вільню, каб адтуль выляцець дадому.

"Цудоўны адпачынак нашага нямецкага сябра скончыўся поўным правалам на стадыі ад'езда... У чалавека а 12-й [гадзіне] быў вылет з Вільні. На беларускай мяжы яго высадзілі з цягніка і без тлумачэння прычынаў, ніхто не гаворыць па-англійску, ужо больш за 4 гадзіны яго трымаюць у нейкім пакойчыку на мяжы, не даюць патэлефанаваць, нічога не тлумачаць і размаўляюць толькі на рускай".

Дзяўчына-знаёмая замежніка задаецца пытаннем, чаму нельга было яму выпісаць штраф у цягніку і абавязкова высаджваць, чаму яна не можа выступіць у якасці перакладчыка па тэлефоне?

 

Грамадзяніна Нямеччыны не штрафавалі, а толькі папярэдзілі. І знайшлі яму перакладчыка

 

Як патлумачыў Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка, дадзены выпадак сапраўды меў месца пасля 9-й гадзіны раніцы 6 траўня. Грамадзянін Нямеччыны, які знаходзіўся на тэрыторыі нашай краіны больш за 5 дзён, павінен быў зарэгістравацца. Такія правілы дзейнічаюць для ўсіх замежных грамадзян. Для расіян і украінцаў іншыя тэрміны, а для грамадзян ЕС менавіта 5 дзён. Цішчанка кажа, што аформіць парушэнне ў цягніку было немагчыма, паколькі ён ідзе па раскладзе і таму памежнікі, згодна з інструкцыяй, былі вымушаныя высадзіць пасажыра.

Адміністрацыйная працэдура з замежным грамадзянінам можа праводзіцца толькі на той мове, якую ён разумее, таму па словах Цішчанкі, перакладчык быў знойдзены і грамадзяніна Нямеччыны аформілі ўжо а 12-й гадзіне дня.

Паколькі раней ён не меў ніякіх парушэнняў, на яго аформілі пратакол і абмежаваліся папярэджаннем, а не накладалі штраф. Далей, паводле інструкцыі, яму прапанавалі альбо далей ехаць у Вільню, альбо вяртацца назад у Мінск. Грамадзянін Нямеччыны прыняў рашэнне вяртацца ў Мінск і яго падсадзілі на бліжэйшы цягнік да беларускай сталіцы, які ехаў а 16-й гадзіне.

Таму сітуацыя, апісаная ў інтэрнэце, была перабольшаная, кажа Цішчанка:

"Мы не маем права праводзіць адміністрацыйны працэс без перакладчыка. Трэба, каб чалавек разумеў, якія да яго прэтэнзіі. Памежнікі валодаюць рознымі мовамі і могуць размаўляць не толькі з англамоўнымі грамадзянамі. У нас ёсць моўныя курсы павышэння кваліфікацыі для памежнікаў. Але бываюць розныя фактары. У змене, якая абслугоўвае цягнік, перакладчык мог быць у іншым вагоне. Магчыма, першапачаткова ён не зразумеў і спужаўся, але далей усё ішло па інструкцыі і па працэдуры. Я людзей разумею, іх сябар патрапіў у перадзелку. Але законы памежнікі не пішуць, а толькі выконваюць".

Александр Цішчанка таксама патлумачыў, што карыстацца паслугай пераклада па тэлефоне памежнікі не мелі права.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі