Насільшчык з вакзала: "Я, напрыклад, французскай трохі валодаю"

Дыктараў, касіраў і насільшчыкаў на чыгуначным вакзале плануюць навучыць англійскай мове да чэмпіянату свету па хакеі. Але ж і цяпер да нас прыязджаюць цягнікі з-за мяжы.
 
"I speak English little, — адказваюць Еўрарадыё ў чыгуначных касах. Пра тое, што будуць вучыць англійскую, тут ведаюць, але і дагэтуль праблем не было. — Нават не магу ўзгадаць, каб зусім ніхто не ведаў. Я трошкі валодаў мовай, нехта яшчэ. Такога яшчэ не было, каб замежнік не аформіў у нас квіток праз моўнае непаразуменне".
 
Насільшчыкі рэчаў на платформе чакаюць цягнік з Піцера. Кажуць, ходзяць чуткі, што выдадуць размоўнікі і па іх будуць вучыць.
 
"Гэта нармальна. Трэба сувязь з пасажырамі мець. Я, напрыклад, французскай трохі валодаю, давядзецца і англійскую падвучыць. Вось цяпер, дапусцім, прыязджаюць з Іспаніі ці Амерыкі, пачынаеш па-французску, хоць праз слова, але разумееш, і яны разумеюць. Так дамаўляемся і едзем. Недзе жэстамі, недзе па карце, недзе на паперцы пішам. У цэнніках увогуле няма праблем — напісаў лічбамі. Недзе можам па-польску, па-беларуску, па-нямецку".
 
Побач з вакзалам, на вуліцы Ленінградскай — невялікая крама. Тут замежнікі купляюць кандытарскія вырабы і магніты.
 
"Да нас заходзяць замежнікі, бо мы знаходзімся каля чыгуначнага вакзала. У асноўным прыходзяць італьянцы, амерыканцы, немцы бываюць, рускія таксама замежнікі. Мы трошкі валодаем англійскай мовай, бывае, з перакладчыкамі прыходзяць. Цікавяцца ў асноўным нашымі айчыннымі таварамі. Магніты больш за ўсе бяруць з гербам, з нашымі славутасцямі — бібліятэка, Чырвоны касцёл, вароты насупраць вакзала".
 
Побач з вакзалам шмат таксі. Дарэчы, іх колькасць можа зменшыцца, калі ўвядуць абмежаванне на ўзрост аўтамабіляў. Што тады будзе — невядома. Але таксісты кажуць, што мінчанам у дні чэмпіянату будзе цяжка з таксоўкамі, якіх і цяпер не хапае, нават у моцны дождж. Замежнікі звычайна маюць напісаны на паперцы адрас.
 
"У любым выпадку яны ведаюць адрас, які напісаны недзе. Таксама сустракаюць знаёмыя: калі не разумееш, то даюць нумар таго, хто сустракае, з ім размаўляеш. Як правіла, яны прыязджаюць і хоць неяк рускую ведаюць. Ну, і ў школе ж мінімальна англійскую мову вучылі ўсе".
 
Самымі паліглотамі на чыгуначным вакзале ў Мінску аказваюцца прадаўцы… беляшоў.
 
"Ну, у мяне, напрыклад, два слоўнікі — французскі і англійскі. Я па слоўніку чытаю. Мы нават з глуханямымі размаўляем".
 
"Людзі, якія даўно працуюць на вакзале, эрудыраваныя і псіхолагі. Калі мы з глуханямымі паразумеліся, то з неграм лёгка".
 
Замежнікі нешта разумеюць. Купляюць ежу і пітво. "Кажуць: пліз мі". А што ўнутры: каўбаса, мяса ці павідла — прадаўцы тлумачаць па слоўніку.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі