Найбольшыя сумы ў тэхабслугоўванні — за прыборку і выдаткі на кіраўніцтва!

Камунальнікі разшыфравалі графу “тэхасблугоўванне” у жыроўках за жнівень, паказаўшы сумы, якія выдаткоўваюцца на кожны дом. Гэтага патрабуе Жыллёвы кодэкс, які набыў моц 2 сакавіка 2013 года.

Аказваецца на адзін мой 9-павярховы дом на два пад’езды ідзе ў месяц – 15,5 мільёнаў! 

У маёй жыроўцы за жнівень — ажно 14 пунктаў пра тое, што хаваецца за графой “тэхабслугоўванне”. У жыроўцы прапісана, колькі грошай выдзяляецца на супрацьдымную абарону, падаткі, дэзінфекцыю, камісію за пералічэнне "камуналкі" і галоўнае — выдаткі на кіраўніцтва! На мой 214-кватэрны дом выдаткоўваецца 15,5 мільёна рублёў!

У бухгалтэрыі ЖРЭА № 1 Фрунзенскага  раёна тлумачаць, што дадатковая інфармацыя — выключна для даведкі жыхароў, аплачваць гэтыя сумы не трэба.

Пытаюся, што за “староннія арганізацыі” аказалі нашаму дому паслуг ажно на 1 мільён рублёў! У ЖРЭА тлумачаць — гэта, да прыкладу, вываз буйнагабарытнага смецця.

“ЖРЭА заказвае транспарт на вываз буйнагабарытнага смецця — каробкі, мэбля старая, грузчыкі прыязджаюць, грузяць, вывозіцца — за гэта мы плацім грошы”, — кажуць у ЖРЭА і дадаюць, што на вываз смецця скідвае грошы ўвесь дом, нягледзячы на тое, выкідвае жыхар мэблю штомесяц ці ні разу гэтага не рабіў.

Дзяўчына тлумачыць, што пункт "амартызацыйныя выдаткі" — гэта выдаткі на “амартызацыю камп'ютараў у офісах камунальнікаў ці косы, якімі косяць траву ля дома”.

Але чаму ў тэхабслугоўванне ўваходзяць… падаткі і дадатковыя плацяжы?

“Гэта падаткі, з якіх мы плацім абавязковыя ўзносы "Белдзяржстраху" і Фонду сацабароны. Гэта і ёсць падаткі”, — кажуць у ЖРЭА.

Пытаюся пра выдаткі пад загадкавым грыфам “іншае”. На гэта выдаткоўваецца адразу паўмільёна! Бухгалтарка ўжо нервуецца: тлумачыць, што іншыя выдаткі — гэта іншыя выдаткі. Ну што тут незразумела!

“Да прыкладу, выдаткі на абарону працы — на метадычную літаратуру! Гэта медагляды для супрацоўнікаў, падпіскі на часопісы, афармленне дакументацыі”, — дзяўчына, здаецца, кпіць з мяне — выдаткі на медагляды, часопісы? Пры чым тут мой дом да медагляду супрацоўнікаў ЖЭСу?

Гляджу па жыроўцы далей: аказваецца, тэрыторыю вакол майго дома “напрыбіралі” на 3 мільёны 760 тысяч рублёў, унутры дома — на 3,1 мільёна, а нейкія “выдаткі на кіраўніцтва” пацягнулі амаль як прыборка — ажно на 3,7 мільёна рублёў!

У эканамістаў ЖРЭА распытваю пра “выдаткі на кіраўніцтва”. 

“Гэта выдаткі на адміністрацыю, сакратароў, бухгалтараў, гэта ўсё кіраўніцкія выдаткі”. 

У ЖРЭА кажуць, што з сумы фактычных выдаткаў на наш дом за ліпень жыхары пакрываюць толькі чвэрць!

“25% аплачваюць жыхары, астатняе — з бюджэту”.

То бок, з гэтых 15,5 мільёна выдаткаў ЖРЭА на наш дом жыхары аплацілі амаль 4 мільёны!  Гэта амаль выдаткі на кіраўніцтва! 

Камунальнікі папярэджваюць: узімку сума за абслугоўванне дома вырасце прыкладна ў два разы за кошт прыборкі тэрыторыі. У ЖРЭА кажуць, што ні ад якасці прыборкі, ні ад колькасці смецця сума за прыборку не залежыць. Ёсць тарыф на квадратны метр і, зыходзячы з яго, вылічваецца сума. Дом з большай колькасцю квадратаў даражэйшы ў абслугоўванні, чым маласямейкі.

У ЖРЭА дадаюць, што яны самі пакуль не ведаюць, навошта ў жыроўках надрукавалі такую інфармацыю, але за тры дні, як жыхары атрымалі жыроўкі, у ЖРЭА паступіла сотні тэлефанаванняў: жыхары звярталіся па тлумачэнні і са скаргамі на прыборку дома.

Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ніякіх каментароў наконт новых жыровак пакуль не дае - просіць напісаць пісьмовыя пытанні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі