Некалькі гадоў эканамічнага спаду: Чалы пра перспектывы эканомікі

Стымулаў для эканамічнай актыўнасці ў Беларусі ўсё менш
Стымулаў для эканамічнай актыўнасці ў Беларусі ўсё менш

Да канца года Беларусь чакае спад эканамічнага росту да нуля ці невялікага мінуса, лічыць незалежны аналітык Сяргей Чалы.

Еўрарадыё сабрала самае цікавае з пятага выпуску праграмы "Чалы на канікулах", дзе эксперт расказаў, ці сапраўды Нацбанк збіраецца канфіскоўваць валюту і што будзе з беларускім ВУП. А таксама чаму адбылася рэдкая з'ява на рынку нерухомасці: цэны на другаснае жыллё сталі ніжэйшыя, чым на новыя кватэры.

 

Нацбанк канфіскуе валюту ці праводзіць лібералізацыю?

Сяргей Чалы адзначае, што "валютны" ўказ №154 ад 20 красавіка на самай справе лібералізуе рынак. А права канфіскоўваць валюту ў Нацбанка было і да набыцця ўказам моцы.

Несколько лет экономического спада: Чалый про перспективы экономики

— Я б не стаў на гэтым акцэнтаваць увагу. У сапраўднасці Нацыянальны банк мае проста гіганцкую ўладу ў адносінах да падведамнага банкаўскага сектара. Ніякіх асаблівых новых правоў яму не трэба.

Важней, што гэты дакумент быў накіраваны на лібералізацыю валютных абмежаванняў. Галоўнае, для чаго гэта рабілася, — увесці замест дазвалення знешнегандлёвых дамоваў іх рэгістрацыю. Гэта значыць, у нас даволі маленькі і няёмісты валютны рынак. Якая-небудзь буйная разавая здзелка аднаго імпарцёра або экспарцёра ці таго, каму трэба заплаціць па знешнім абавязку, можа прывесці да даволі сур'ёзных ваганняў курса, якіх Нацбанк хацеў бы пазбегнуць.

Нацбанк даўно казаў, што банкі, якія абслугоўваюць знешнія аперацыі, і самі кліенты не вельмі добра навучыліся працаваць на такім валютным рынку. Для гэтага патрэбныя і ўмелыя трэйдары, якія б здзелку выконвалі не на працягу аднаго дня, а больш-менш паступова, каб сваімі дзеяннямі не прывесці да рэзкага росту валюты. Таму што гэта і табе нявыгадна, і для ўсёй эканомікі гэта дрэнна.

Несколько лет экономического спада: Чалый про перспективы экономики
Нацыянальны банк / Еўрарадыё

Відаць, гэта не вельмі добра атрымліваецца, таму Нацбанк пакінуў толькі рэгістрацыю гэтых здзелак, каб бачыць, які будзе попыт на валюту ў найбліжэйшыя дні, каб можна было зразумець, як гэтыя рэчы балансаваць. Гэты дакумент распрацоўваўся даўно, і, як гэта ні смешна цяпер гучыць, ён хутчэй павялічвае прастору эканамічнай свабоды, чым скарачае.
 

"Эканоміка кінутая на самацёк"

— Вельмі складана цяпер гаварыць пра эканоміку, таму што такое адчуванне, што эканоміка проста кінутая на самацёк. Існуе, мабыць, такая ілюзія ва ўладаў, што тая шкода, якая наносіцца іх уласнымі дзеяннямі эканоміцы, гэта і не важна.

Цяпер наша галоўная задача, кажа сабе ўлада, хутка дамагчыся нейкай палітычнай перамогі. Праўда, сур'ёзна ніхто не разумее, як гэтая перамога павінна выглядаць. Што гэта: пасаджаныя і выгнаныя з краіны апаненты рэжыму? Ці што? Не вельмі ясна. Адпаведна, ёсць ілюзія: "Няхай будуць нават вялікія негатыўныя эфекты ў эканоміцы, мы гэта паправім".

"Спад можа быць супастаўны з крызісам 2015–2016 гадоў"

— Усё, што датычыцца ўнутраных фактараў: плацежаздольны попыт насельніцтва, інвестыцыйны попыт карпарацый, дзяржаўны попыт, — у дэпрэсіі. Мы бачым, што тры-чатыры месяцы запар тэмпы росту эканомікі запавольваюцца. У рэчаіснасці яны як былі маленькія, так і застаюцца.

Галоўная выснова: усё, што мы цяпер назіраем станоўчага, — гэта эфект знешняга сектара. Колькі часу гэты эфект нават будзе захоўвацца, таму што санкцыі пабудаваны такім чынам, што ўсе дзейныя кантракты захоўваюцца. Санкцыі пачынаюць працаваць прыкладна з пачатку наступнага года.

Таму мы будзем бачыць да канца года паступовае згасанне эканамічнай актыўнасці ў Беларусі. Лічбы будуць ужо зусім не такімі, якімі можна будзе выхваляцца і казаць, як ніхто, акрамя іх [уладаў. — Еўрарадыё], не разумее ў эканоміцы.

З наступнага года мы будзем не проста самай адсталай эканомікай у рэгіёне, а, хутчэй за ўсё, мы будзем мець некалькі гадоў эканамічнага спаду. Цалкам магчыма, нават параўнальнага па велічыні з эканамічным спадам крызісу 2015–2016 гадоў [у 2015 годзе беларускі ВУП упаў на 3,9%, а ў 2016 годзе — на 2,6%. — Еўрарадыё].

 

"Кватэры на другасным рынку сталі таннейшыя за першаснае жыллё"

Несколько лет экономического спада: Чалый про перспективы экономики
Дом-калодзеж у Мінску / Еўрарадыё

На думку Сяргея Чалага, каб зразумець, што адбываецца на рынку нерухомасці, трэба звярнуць увагу на камерцыйную нерухомасць і другасны рынак жылля.

— Камерцыйная нерухомасць, арэнда офісаў цяпер моцна пакутуе. Гэта прыкмета таго, што эканамічная нявызначанасць прыводзіць да таго, што інвестыцыйная актыўнасць падае. Адпаведна, гэта будзе адбівацца на запавольванні тэмпаў эканамічнага росту. Магчыма, прывядзе нават да яго спаду. Думаю, мы да нуля ці нават невялікага мінуса гэты год прывядзём [па росце ВУП. — Еўрарадыё].

Што да жылой нерухомасці, так, тэмпы зніжэння кошту квадратнага метра невялікія. Але сёлета адбыўся такі феномен, што кватэры на другасным рынку сталі каштаваць танней, чым кватэры на першасным рынку жылля. Звычайна адбываецца наадварот.

Гэта сведчыць пра тое, што драйверам рынку ёсць здзелкі не першасныя, а другасныя. Гэта вытлумачальна, таму што першасны рынак у асноўным заточаны на крэдытныя рэсурсы, якія выдаюцца банкамі. А яны выдаюцца вельмі неахвотна і пад вялікія адсоткі.

Другі важны момант звязаны з тым, што, як паказвае досвед наогул усіх папярэдніх крызісаў, кошт жылля на другасным рынку зніжаецца неахвотна. Але ў сапраўднасці не трэба верыць "загаловачным" цэнам, хацелкам прадаўцоў. Калі хацелкі завышаныя ў параўнанні з чаканнямі іншых удзельнікаў рынку, гэта прыводзіць да таго, што рынак замірае і колькасць здзелак памяншаецца.

 

Рынкавыя цэны на жыллё ніжэйшыя за "хацелкі" прадаўцоў

Несколько лет экономического спада: Чалый про перспективы экономики
Плацежаздольны попыт сціскаецца / Еўрарадыё

— Калі вы пагледзіце на дынаміку колькасці здзелак, то ў папярэднія месяцы было зацішша на рынку, мінімальная колькасць здзелак адбывалася. Гэта сведчыць пра тое, што рэальныя рынкавыя цэны ніжэйшыя за тыя, якія на рынку дэкларуюцца агенцтвамі або ахвотнымі кватэры прадаваць. Пры рэальных здзелках да гэтых цэн будуць вялікія зніжкі.

Яшчэ адзін важны фактар звязаны з тым, што рынак працы настолькі дрэнны ў рэгіёнах, што попыт на нерухомасць у Мінску падтрымлівае працоўная міграцыя з рэгіёнаў.

Мы зноў жа ведаем з папярэдніх крызісаў, што існуе даволі важная залежнасць паміж велічынёй ставак арэнды на рынку жылой нерухомасці і коштам кватэр.

Як правіла, першым рэагуе кошт арэнды таму, што на арэнду хутчэй ўплывае плацежаздольны попыт насельніцтва. Плацежаздольны попыт скарачаецца. Перш за ўсё мы бачым скарачэнне колькасці здзелак, зніжэнне кошту арэнды жылля або, па меншай меры, велічыня зніжак, якія пачынаюць вытаргоўвацца, павялічваецца. За гэтым рэагуе рынак. Рана ці позна нервы прадаўцоў здаюць, яны не гатовыя, скажам, чакаць не месяц, а паўгода. Потым, магчыма, будзе рэагаваць рынак першаснага жылля.

 

Улада не можа змяніць рэальнасць, таму змагаецца з "люстэркамі"

Несколько лет экономического спада: Чалый про перспективы экономики
Беларускія журналісты ўвосень 2020 года / Еўрарадыё

— Улады, разумеючы, што яны не здольныя змагацца з рэальнасцю, калі эканоміка пагаршаецца, пачынаюць змагацца з люстэркамі.

У спробах "а давайце мы схаваем эканамічную статыстыку, давайце будзем закрываць незалежныя СМІ" і гэтак далей важнай яшчэ ёсць барацьба супраць сінктэнкаў, якія маглі б аналізаваць эканамічныя тэндэнцыі.

Той жа BEROC, Таццяна Кудзіна, якая за кратамі, SYMPA і гэтак далей. Улада дайшла да таго, што аналітычная дзейнасць для яе падрыўная, таму што яна паказвае, як папраўдзе ідуць справы.

Мы ўваходзім у вельмі складаны перыяд, калі галоўным супрацівам ёсць данясенне проста праўды пра тое, як ідуць справы ў грамадстве, у эканоміцы, у краіне. Супраціў — разбурэнне таго дабратворнага іміджу пераможцаў, які актыўна насаджаюць дзяржаўныя СМІ. Пераможцаў, якія ніяк не могуць супакоіцца ў сваёй перамозе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі