Некалькі машын падарункаў для дзетак адправіліся ў анкалагічны цэнтр (фота)

Яшчэ за 20 хвілін да пачатку мерапрыемства амаль усе месцы ў актавай зале Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі і гематалогіі былі занятыя.
Дзеці разам з бацькамі прыйшлі на канцэрт, прысвечаны новаму навучальнаму году. Ад звычайнага свята яно адрознівалася толькі наяўнасцю кропельніц у зале, марлевых павязак і спецыяльнага абутку з цэлафану для журналістаў. Дарэчы, некаторыя дзеці не развітваюцца з кропельніцамі ні на хвіліну: з імі яны гуляюць на калідоры, ходзяць на прагулку, таму і канцэрт не стаў выключэннем.

Сямігадовая Настачка Шчарбакова рыхтавацца да свята пачала з самай раніцы: прымервала блакітную спадніцу, модны капялюш і гадала, які падарунак ёй дастанецца. Дарэчы, дарослым таксама не цярпелася дазнацца, якія артысты на сцэне будуць ствараць свята і ці можна будзе з імі пасля паразмаўляць. Па-свойму ў грымёрцы хваляваліся Тамара Лісіцкая (арганізатар дабрачыннай акцыі), група “Da Vinchi”, арт-група “Беларусы”, фокуснік Пётр Стасевіч і інш.

На працягу 2 гадзін на сцэне цэнтра адбывалася сапраўднае шоў: песні, гульні, віктарыны і напрыканцы свайго нумара кожны артыст уручаў дзіцяці запаветны падарунак. Асабліва дзеці малодшага ўзросту паверылі, што іх мары здзейсніў восеньскі Дзед Мароз і Снягурка. На самой справе, сюрпрызы пацыентам з цэнтра рыхтавалі людзі, якія ўзяліся дапамагчы, не толькі з усёй Беларусі, але і Бельгіі, Нідэрландаў, Германіі, Ізраіля. На заклік у Інтэрнэце, які размясціла Тамара Лісіцкая, адгукнуліся таксама найбуйнейшыя кампаніі і арганізацыі. Напрыклад, фірма “Lipton” прэзентавала кожнаму дзіцяці вялікую ўпакоўку гарбаты.

Тамара Лісіцкая
: Тое, што сёння адбылося, для мяне гэта беспрэцэдэнты момант. І не толькі па арганізацыі, але і стварэнні нечага незвычайнага: па сартаванні падарункаў, іх прывозу.

Учора ноччу мы гэтым займаліся, а сёння арганізавалі прыезд артыстаў. Я не верыла, што гэта можна зрабіць, але ў нас усё атрымалася. І яшчэ раз пераканалася: свет не без добрых людзей, а з імі, і яны чакаюць нейкіх знакаў, інфармацыі, каб дапамагчы іншым людзям.

На сцэне здзяйсняліся мары многіх дзяцей. Так, Даша Васілеўская, якая марыла пра чароўную палачку, атрымала цацкі ад сапраўднага фокусніка Пятра Стасевіча і нават паспрабавала сябе ў яго ролі. Дарэчы, дарослым фокуснік прапанаваў разгадаць адзін трук: раз’яднаць жалезныя колцы, — і пасля блукання некалькіх хвілін па зале, Пятру вярнулі колцы, але яны былі настолькі пагнутымі, што фокуснік нават разгубіўся.

А вось хлопчыку, які марыў пра вялікі акварыум, група “Da Vinchi” яго прынесла проста ў палату.

У мяне ёсць маленькі акварыум, але я марыў пра вялікі. Цяпер не ведаю, што з ім рабіць. Пакуль стаіць у псіхолага. Мабыць, заўтра паеду дамоў і забяру яго.

Урок Дзяніса Дудзінскага спадабаўся ўсёй зале: музыкант праверыў веды дзяцей па англійскай і італьянскай мовах. Знайшоўся нават адзін смяльчак, які рызыкнуў прачытаць верш па-англійску, але ён аказаўся такім кароткім, што апладысменты прыйшлося чакаць некалькі секунд.

Пасля канцэрту ў холе ўсіх чакала фотасесія, дзе кожны мог ўзяць аўтограф і паразмаўляць з артыстам. Подпісы пакідалі на блакнотах, часопісах, а псіхолагу цэнтра Алёне Шпакоўскай –проста на халаце. А потым артысты пайшлі па палатах да ляжачых дзяцей.

Крысціна: Гэтага фокусніка я не першы раз бачу, але ён мне вельмі падабаецца. Многія баяцца падпускаць да сябе блізка, каб іх не выкрылі, а ён – не. І ўсё роўна цяжка здагадацца, што ён робіць.

Ксенія: Мне спадабаліся клоўны і як спявалі беларускія музыканты (Заўв.аўт. — арт-група “Беларусы”). Падарылі жырафа і мабільны тэлефон, пра які я марыла.

Даша: Нас павіншавалі з 1 верасня. Артысты ведаюць, што дзеці любяць, калі ім дораць падарункі і паказваюць нешта цікавае.

На гэтым Тамара Лісіцкая не ставіць кропку, яна працягне сваю працу, але па-іншаму.

Тамара Лісіцкая: Наступнае, што мы зробім, – гэта створым сайт, на якім будуць змешчаны нейкія просьбы аб дапамозе, дабрачынныя акцыі. Гэта датычыцца не толькі бараўлянскага цэнтра, але і іншых. У нас ужо ёсць каманда, моцны адміністратыўны рэсурс і проста шмат жадаючых дапамагчы. Плануецца шмат цікавых акцый, якія будуць звязаны са знакамітымі людзьмі. За кошт іх папулярнасці і дзякуючы Інтэрнэту мы хочам звярнуць увагу людзей на праблемы дзяцей.

Але яшчэ засталіся дзве дзіцячыя мары: Настачка Шчарбакова марыць пра ружовага коніка (яна яго бачыла па рэкламе “Маруся”), а другая Настачка – пра камп’ютар з плазменым маніторам (год таму дзяўчынка страціла зрок, і лекары дазваляюць ёй працаваць толькі за такім).


Злева: /sites/default/files/legacy_articles/images/2007/09/81278/cms-image-000002926.jpg. Справа: у анкалагічным цэнтры.




















Фота Еўрарадыё і Т. Лісіцкая

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі