Ні ў Кіеве, ні ў Мінску не ведаюць, куды знік экс-амбасадар Украіны

Ні ў Кіеве, ні ў Мінску не ведаюць, куды знік экс-амбасадар Украіны

Ні афіцыйны Кіеў, ні афіцыйны Мінск не маюць звестак, дзе знаходзіцца былы амбасадар Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежаль, піша tut.by.

Ва Украіне яго падазраюць у падрыве абароназдольнасці краіны ў тыя часы, калі ён быў міністрам абароны пры Віктару Януковічу. Але знайсці экс-дыпламата ўкраінская Генпракуратура не можа. Пры ўсім тым, абвяшчаць Ежаля ў міжнародны вышук Генпракуратура Украіны не бачыць падставаў.

Пра гэта пракурорскія работнікі паведамілі ў афіцыйным адказе дэпутату Вярхоўнай рады Украіны Дзмітрыю Тымчуку. Ён накіраваў дэпутацкі запыт у Генпракуратуру наконт расследавання ў справе Ежаля. У пракуратуры кажуць, што расследаванне знаходзіцца "на завяршальным этапе»", а сабраныя доказы пацвярджаюць дачыненне Ежаля да інкрымінаваных яму злачынстваў. Завяршыць следства замінае "доўгае знаходжанне Ежаля на лячэнні ў медустановах Беларусі". Пракуроры Украіны звярталіся па дапамогу да беларускіх калег, але тыя адмовілі ім у інфармацыі.

Нагадаем, што Міхаіл Ежаль паступіў на лячэнне ў Галоўны ваенны шпіталь Мінска 10 жніўня 2014 года з гіпертанічным крызам. Як паведамілі парталу tut.by у медустанове, выпісалі экс-амбасадара 5 верасня таго ж года і больш яго не бачылі.

Ні МЗС Украіны, ні МЗС Беларусі звестак пра лёс Ежаля не маюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі