Нікаля Сарказі вяртаецца ў палітыку?
Харызматычны палітык можа дапамагчы сваёй партыі выйсці з крызісу, а таксама мае нядрэнныя шансы на перамогу ў прэзідэнцкіх выбарах.
8 ліпеня былы прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі правёў першае палітычнае выступленне пасля паразы на прэзідэнцкіх выбарах у мінулым годзе. Палітык узяў удзел у экстранай сустрэчы сваёй партыі “Саюз за народны рух”, каб абмеркаваць рашэнне Канстытуцыйнага суда аб адмове кампенсаваць партыі выдаткі на прэзідэнцкую кампанію Сарказі ў 2012 годзе.
Эксперты ўспрынялі з’яўленне Сарказі, які пасля паразы на апошніх выбарах абяцаў скончыць палітычную дзейнасць, як вяртанне. Але сам Нікаля Сарказі працягвае сцвярджаць адваротнае:
Нікаля Сарказі: “Нельга казаць аб маім палітычным вяртанні. Калі я вярнуся, я вас папярэджу. Было б непрыстойна акрэсліваць любыя прэзідэнцкія амбіцыі, калі французы пакутуюць”.
Аднойчы Сарказі параўнаў палітыку з наркотыкамі і папярэдзіў, што выводзіць іголку трэба павольна. На дадзены момант ён застаецца самым уплывовым правым палітыкам. Згодна з апытаннямі, 68% прыхільнікаў “Саюза за народны рух” бачаць кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах ад іх партыі менавіта Сарказі. Яго бліжэйшы канкурэнт Франсуа Фіён на дадзены момант набірае толькі 13%. Калі ж казаць пра ўсіх французаў, то 40% хочуць, каб Сарказі балатаваўся на выбарах 2017 года, і 59 % — супраць яго.
“Шмат хто з правых глядзіць на Сарказі як на адзінага чалавека, які можа ўз'яднаць партыю, якая пасля паразы на прэзідэнцкіх выбарах Франсуа Аланду падзелена на два варожыя лагеры: адзін — з больш жорсткай пазіцыяй па міграцыі і іншых пытаннях, другі — больш памяркоўны”, — піша Reuters.
Калі ж вяртацца да фінансавых праблем “Саюза за народны рух”, то партыя заклікае прыхільнікаў здаваць ахвяраванні на пакрыццё расходаў. Паводле некаторых дадзеных, ужо назбіралі 2 мільёны еўра. Што цікава, Сарказі на сваім Фэйсбуку, дзе не пісаў ад сакавіка, рашэнне Канстытуцыйнага суда пракаментаваў наступным чынам:
“Такое рашэнне ставіць пад пагрозу партыю, якая можа падрыхтаваць неабходную альтэрнатыву сацыялізму”.
Акрамя таго падчас свайго выступу Нікаля Сарказі заявіў, што, апроч эканамічных, фінансавых і палітычных крызісаў, яго больш за ўсё непакоіць крызіс ідэй. І дадаў, што старыя ідэалогіі XX стагоддзя не могуць выкарыстоўвацца сёння і што Францыя — адзіная краіна, якая баіцца прагрэсу.
Можна меркаваць, што ў наступнай прэзідэнцкай кампаніі Сарказі, сапраўды, меў бы нядрэнныя шансы, калі ўлічыць, што дзеючы кіраўнік Франсуа Аланд мае самы нізкі прэзідэнцкі рэйтынг за апошнія 32 гады.
Фота: charlesayoub.com