Новая Арменія шукае баланс паміж Расіяй, ЕС, ЗША і Кітаем. Амаль як Беларусь

Новая Арменія шукае баланс паміж Расіяй, ЕС, ЗША і Кітаем. Амаль як Беларусь

Пасля “Аксамітнай рэвалюцыі” ўвесну 2018 года ў Арменіі змяніўся прэм’ер — да ўлады прыйшоў амбітны лідар пратэстоўцаў Нікол Пашынян. У снежні таго ж года прайшлі парламенцкія выбары, большасць на якіх таксама атрымаў новы лідар краіны. Палітык настойвае на зменах: ён разгарнуў рэформы ў розных сферах, а днямі заклікаў сваіх прыхільнікаў блакаваць карумпаваныя суды. Але ці ўсё ідзе па плане?

Як змяняецца Арменія, чаго дасягнула за гэты час? Якія выгады каўказская краіна атрымлівае ад супрацоўніцтва з Еўрасаюзам і з Кітаем? Гэтыя пытанні мы задалі Хасмік Хачатран, малодшаму палітычнаму аналітыку армянскага “Аналітычнага цэнтра глабалізацыі і рэгіянальнай кааперацыі”.

Еўрарадыё: Нікол Пашынян — прэм’ер, ён мае большасць у парламенце. Што галоўнага ён паспеў зрабіць за гэты час?

Хасмік Хачатран: Пасля рэвалюцыі ў людзей былі высокія чаканні. Людзі чакалі, што іх галасы і патрабаванні пачуюць. Перад Пашынянам і яго ўрадам стаяць вялікія выклікі — трэба наладзіць эканоміку, перамагчы карупцыю. Існуюць выклікі і ў знешняй палітыцы: знайсці баланс паміж Расіяй, Еўрапейскім саюзам і ЗША.

Урад прадставіў сваю праграму, у якой ёсць дакладныя абавязальніцтвы па рэалізацыі эканамічных рэформ, увядзенні змен у падатковую сістэму, развіцці сельскай гаспадаркі.

Новая Арменія шукае баланс паміж Расіяй, ЕС, ЗША і Кітаем. Амаль як Беларусь
Нікол Пашынян / Reuters

Еўрарадыё: У Пашыняна большасць у парламенце, яму куды прасцей праводзіць свае ініцыятывы. З якімі праблемамі ён сутыкаецца падчас рэалізацыі рэформаў?

Хасмік Хачатрaн: Людзі, якія мелі палітычны ўплыў да рэвалюцыі, безумоўна, не зацікаўлены ў рэформах. Знешнія фактары таксама граюць сваю ролю — пытанне расійскага ўплыву застаецца.

Еўрарадыё: Адкуль бяруцца сродкі на рэформы?

Хасмік Хачатран: Еўрапейскі саюз замест Асацыяцыі прапанаваў Арменіі новае пагадненне СЕРА — “Усебаковае пашыранае пагадненне аб партнёрстве”. І гэта значыць, што Арменія зможа атрымаць выгады ад фінансавых рэсурсаў і фінансавую падтрымку Еўрапейскага саюза. Гэта дасць магчымасць ажыццявіць разнастайныя рэформы (напрыклад, рэформу судовай сістэмы) і правесці антыкарупцыйныя заходы. Але, вядома, ёсць неабходнасць пошуку фінансавання і з іншых краін. Напрыклад, Арменія разглядае магчымасці ўключыцца ў кітайскі праект “Адзін пояс, адзін шлях”.

Новая Арменія шукае баланс паміж Расіяй, ЕС, ЗША і Кітаем. Амаль як Беларусь
Нікол Пашынян і Сі Цзіньпін сустракаюцца ў Пекіне / Reuters

Еўрарадыё: Якія выгоды Арменія атрымлівае ад CEPA?

Хасмік Хачатран: Трэба вярнуцца ў 2013 год, у часы саміту “Усходняга партнёрства” ў Вільні, на якім Арменія пасля доўгіх перамоў мусіла падпісаць “Пагадненне аб асацыяцыі” і “Пагадненне аб свабодным гандлі”. Праз шэраг фактараў, у тым ліку і ціск з боку Расіі, гэты план праваліўся. Пазней Арменія і ЕС паспрабавалі дамовіцца па розных аспектах для супрацоўніцтва. І ў 2017 годзе на чарговым саміце “Усходняга партнёрства” ў Бруселі паміж ЕС і Арменіяй было падпісанае пагадненне СЕРА, якое адкрывае шлях да паглыбленага супрацоўніцтва ў эканоміцы, знешняй палітыцы і ў галіне бяспекі. Праграма вельмі шырокая.

Еўрарадыё: У той жа час Арменія — сябар Еўразійскага эканамічнага саюза. Як Расія адрэагавала на падпісанне Арменіяй СЕРА, ці адчуваўся ціск?

Хасмік Хачатрaн: У 2013 годзе, калі Арменія спрабавала падпісаць Асацыяцыю з ЕС, ціск Расіі быў відавочны. Але пасля таго як у 2015 годзе Арменія стала сябрам ЕАЭС, ціск адчуваецца менш.

Еўрарадыё: Вы адчуваеце нейкія выгады ад ЕАЭС?

Хасмік Хачатран: Еўразійскі эканамічны саюз базіруецца на свабодзе капіталу, перамяшчэння людзей, тавараў і паслугаў. Але гэтыя магчымасці ў Арменіі былі і да ўступлення ў саюз. Армяне мелі права працаваць у той жа Расіі. Таму, безумоўна, не хапала рэферэндуму ў пытанні неабходнасці далучэння да ЕАЭС. Гэта пытанне, на жаль, не абмяркоўвалася ў публічнай прасторы, грамадскай дыскусіі сапраўды не хапала.

Еўрарадыё: Апошнія некалькі гадоў у нашым рэгіёне заўважная палярызацыя: ты ці абіраеш Еўропу, ці Расію. Якім Пашынян бачыць будучыню Арменіі, з кім?

Хасмік Хачатран: У прыярытэце Пашыняна прасоўваць інтарэсы Арменіі. Ён намагаецца знайсці баланс паміж Расіяй, ЕС, ЗША і Кітаем. Арменія не будзе развіваць адносіны з адным партнёрам і праз гэта страчваць іншага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі