Па справе Плошчы следчыя пісалі па 100 старонак матэрыялаў штодня

На мінулым тыдні экс-кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі і Андрэй Саннікаў пачалі знаёміцца з матэрыяламі сваёй справы. Крыху раней са сваімі справамі азнаёміліся Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Ус. Следства цягнулася тры месяцы і за гэты час праваахоўнікі назбіралі матэрыялаў на дзясяткі тамоў. Так, да прыкладу, справа Някляева займае ажно 30 тамоў, а Рымашэўскага — 20. Не менш і ў астатніх. Калі ўлічыць, што ў кожным томе каля 300 старонак, то атрымліваецца, што следчыя штодня нават у выхадныя дадавалі па 100 старонак!

Як паведаміў Еўрарадыё Віталь Рымашэўскі, ён пакуль паспеў прачытаць толькі чатыры з паловай тамы сваёй дваццацітомнай справы.

Віталь Рымашэўскі: “У суботу азнаёміўся са справай — пачытаў чатыры з паловай тамы з дваццаці. Як мне сказалі, там дваццаць тамоў. Я так разумею, што следства крыху прыспешвае перадачу ў суд. Не ведаю, з якой прычыны, але прасілі, каб мы як мага хутчэй азнаёміліся са справай. Ну, вось чытаў паказанні Фядуты, Насты Палажанкі”.

Паводле Рымашэўскага, яму інкрымінуюць “выхад на праезную частку, спыненне руху транспарту і перашкода працы грамадскіх прадпрыемстваў”.

У той жа час юрыст Гары Паганяйла кажа, што справа, да прыкладу, “звычайнага” бытавога забойства займае 1, максімум 2 тамы.

Гары Паганяйла: “Як правіла, калі гэта аднаэпізодная справа, не складаная, то гэта адзін том, максімум два тамы. А ў томе 300 старонак звычайна”.

Але ў тым, што такое “злачынства”, як у Віталя Рымашэўскага альбо Уладзіміра Някляева, займае ажно 20-30 тамоў крымінальнай справы, ён не бачыць нічога дзіўнага.

Гары Паганяйла: “Вось там фігуруе, да прыкладу, 29 пацярпелых амапаўцаў. Яны павінны быць усе прызнаныя пацярпелымі, усе апытаныя, вынесеныя пастановы аб прызначэнні экспертызы, праведзеныя экспертызы, пратаколы аб азнаямленні з гэтымі экспертызамі. Бачыце, толькі з гэтымі 29 пацярпелымі можа сабрацца на цэлы том матэрыялаў”.

А яшчэ ёсць апытанні сведак, агляд месца здарэння, апісаныя па кожным кадры відэаматэрыялы з Плошчы і гэтак далей.

З тым, што назбіраць такую колькасць тамоў магчыма, але досыць незвычайна, пагадзілася і адвакат юрыдычнай кансультацыі Ларыса Загірбекава.

Ларыса Загірбекава: “Звычайна, калі гэта адзінкавы выпадак факту здзяйснення злачынства, да прыкладу — забойства, то бывае том, два тамы. Калі некалькі чалавек удзельнічалі ў гэтым, то можа быць больш. Бо там, адпаведна, больш допытаў, больш дакументаў, экспертыз нейкіх. Але калі 30 тамоў — то гэта шматэпізоднае злачынства, дзе шмат удзельнікаў. Бывае — адзін абвінавачаны, але вельмі шмат пацярпелых. Усіх трэба апытаць, следчыя дзеянні правесці. А гэта вельмі шмат дакументаў”.

Праўда, прызналася, што калі б гэта была не крымінальная, а гаспадарчая справа, то такая колькасць тамоў справы не выклікала б у яе ніякага здзіўлення.

Ларыса Загірбекава: “У нас былі і 25 тамоў, і 98 тамоў было ў маёй практыцы. І 150 тамоў бывае. Бо па гаспадарчых справах вымаецца дакументацыя. І апроч таго, што рэчавымі доказамі прызнаецца, ідуць яшчэ акты розных праверак”.

А вось для таго, каб такую колькасць матэрыялаў назбіраць, кажа адвакат, следчага мусілі вызваліць ад расследавання ўсіх астатніх спраў, якіх у кожнага з іх звычайна некалькі.

Ларыса Загірбекава: “Калі следчы працаваў толькі па гэтай справе і яго вызвалілі ад усіх іншых, то гэта цалкам рэальна”.

Альбо калі па справе была створаная спецыяльная следчая група. Але Гары Паганяйла мяркуе, што перадаць у суд дзясяткі тамоў на кожнага з амаль чатырох дзясяткаў фігурантаў справы “аб масавых беспарадках” следчым не склала праблем. Маўляў, усе яны зробленыя “пад капірку”.

Гары Паганяйла: “Гэта аднатыпныя справы і гэтыя дакументы ксеракапіраваліся і раскладаліся па розных справах. Гэта была адна вялікая справа, з якой выдзелілі шмат спраў. А гэта азначае, што адкапіравалі і ўклалі! Такім чынам склалі ілюзію шматтомных спраў, хаця гэта магла быць адна справа ў тыя ж 20-30 тамоў на ўсіх”.

Згодна з яго словамі, такія шматтомныя справы на кожнага з абвінавачаных — гэта не больш як “напусканне туману”. З тым, каб паказаць, як шмат напрацавалі следчыя і які вялікі аб’ём працы яны зрабілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі