Падвойная дыктатура крывых люстэркаў: Віктар Ерафееў пра Беларусь і Расію
Віктар Ерафееў
У канцы жніўня пісьменнік Віктар Ерафееў апублікаваў у нямецкай газеце Frankfurter Allgemeine Zeitung калонку "Трагедыя хлусні, нялюдскасці і ідыятызму" — пра тое, што адбываецца ў Беларусі і ў Расіі. Філосаф Павел Баркоўскі пераклаў яе для Еўрарадыё на беларускую мову. Публікуем гэты пераклад са згоды аўтара тэксту.
Былую савецкую імперыю ў жніўні ўзрушылі два магутныя выбухі, якія канчаткова загналі яе ў труну. Увесь свет стаў сведкам таго, што лютая рэакцыя Лукашэнкі на агульна-беларускі пратэсны рух, раўнаважны рэвалюцыі, і жахлівая гісторыя атручвання галоўнага расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, выходзяць за рамкі палітыкі і ператвараюцца ў трагедыю хлусні, нялюдскасці і ідыятызму (Шэкспір і Оруэл адпачываюць...).
Але тое, што былая імперыя апынулася ў труне, як ні парадаксальна, не азначае канец яе існавання. Яна ўваходзіць у стадыю “жыцця пасля жыцця”, якая нясе для яе і для свету непрадказальныя наступствы. Пасля канчатковага вызвалення ад маральных абавязацельстваў з нагоды элементарнага чалавечага суіснавання, не кажучы ўжо пра нейкія высокія тэмы цывілізацыі, некаранаваныя цары Беларусі і Расіі гатовыя на ўсё, каб захаваць назаўжды сваю бязмежную ўладу.
Зрэшты паглядзім, навошта ім патрэбна тая ўлада і што стаіць за пратэсным рухам.
Мы маем справу з двума рознымі велічынямі, што да цароў, што і да пратэстаў. Агульнае тут тое — мы жывем і ў Беларусі, і ў Расіі ў каралеўстве крывых люстэркаў. Прапаганда і савецкія стэрэатыпы — тыя, што засталіся ў насельніцтва, — ператвараюць палітычнае жыццё ў брыдкія карціны. Крывыя люстэркі застаюцца, але яны трэскаюцца, лопаюцца, у іх вераць усё менш ды менш.
А ў чым палягае адрозненне? Калі расійскі цар мацнейшы за беларускага, то, з адваротнага боку, беларускі пратэст значна мацнейшы, магутнейшы за расійскі.
Беларускі Лукашэнка па сутнасці надзвычай просты. Ён любіць уладу і сам прызнаецца (у адным з нядаўніх інтэрв'ю), што акрамя як прэзідэнтам нікім іншым быць не ўмее і не можа. Ён прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе на хвалі народнага спалоху ад прывіду незразумелага капіталізму і пастараўся ператварыць Беларусь ў вялікі калгас. За сваю лаяльнасць Расіі, асабліва пачынаючы з праўлення Пуціна, ён браў вялікія грошы, 6-8 мільярдаў даляраў у год. Гэта была не маскоўская падачка, як думаюць некаторыя, а плата за васальную адданасць.
Але з цягам часу высветлілася, што Расія — дрэнны феадал. Яна патрабуе не толькі падпарадкавання, але і далучэння, да таго ж дзейнічае груба, жорстка. У крыві рускага імпэрыялізму ёсць садызм прыніжэння слабейшага партнёра, малодшага брата. Лукашэнка наеўся гэтых знявагаў, выжыў і стаў, як спрактыкаванае ў жыцці цяля, шукаць іншую матку. Гэта быў Захад. Захад для Беларусі — гэта рукой падаць як блізка. Гэта як паездка на лецішча — 180 км да мяжы. Ён прыадчыніў магчымасць асвечанаму насельніцтву мець зносіны з Захадам, і тут высветлілася, што Захад валодае тымі каштоўнасцямі (якія Захад сам не асабліва шануе ці нават прызабыў), якія патрэбны, нібы вітаміны, для знямоглай праз дыктатарскую хваробу краіны.
Постсавецкі праеўрапейскі рух як беларусаў, так і Навальнага па сутнасці сваёй ёсць відавочным. Ніхто не хоча жыць у залежнасці ад несправядлівага суда, карупцыі, паліцэйскага свавольства і звязанай з рэжымам галечы. Пратэсны рух сцвярджае: хочам жыць па-людску. Прапагандысты Беларусі і Расіі з падачы ўладаў абвінавачваюць Захад у разбуральных дзеяннях. Але гэта дурасць. Дыктатарскі рэжым — сам па сабе — спрычыняе доўгатэрміновае разбуральнае уздзеянне на краіну і падданых.
Карацей, Беларусь прачнулася і пажадала нармальнай цывілізацыі, грамадзянскіх свабод і еўрапейскага дабрабыту. Лукашэнка ўсім гэтым сваю краіну забяспечыць не ў стане. Вось чаму ён нібы вар'ят зараз носіцца з аўтаматам і ў бронекамізэльцы, імітуючы ахвяру заходняй агрэсіі.
Беларускі пратэст мае ўсе рысы таго польскага пратэсту, які прывёў палякаў назад у Еўропу. Праўда, беларусам не хапае Леха Валенсы, і гэта сур'ёзны дэфіцыт. Аднак у іх паўстала апора ў выглядзе рабочага класа, а гэта магутная зброя рэвалюцыі. Да таго ж, рабочы клас Беларусі напоўнены палітычнай культурай, ён не проста хоча жыць лепей, яго ванітуе ад дыктатуры.
Рэвалюцыйнае хваляванне бачнае ва ўсіх пластах грамадства, у тым ліку ў людзей, што працуюць на ўрад, расколіны крывых люстэркаў ідуць у розных кірунках. Лукашэнку пара адкладаць свой калашнікаў і здавацца. Але ў запасе ў яго ёсць шматмільённы калашнікаў — армія Расіі і яе галоўнакамандуючы, які ў кожны момант можа працягнуць руку дапамогі. Гэты жэст адпрацаваны ў Савецкім Саюзе ў адносінах да Венгрыі, Чэхаславакіі. Паспяховае ўзяцце Крыма таксама сведчыць аб магчымасцях Пуціна. Але ці пойдзе ён на гэты крок?
Двухаблічнасць Лукашэнкі, мабыць, надакучыць мела і Крамлю. Але, вядома, Лукашэнка ўсё роўна лепш за праеўрапейскіх лібералаў Беларусі. Развязанне гэтай галаваломкі — дапамагчы не дапамагчы — пакуль невядомае. Але калі пад руку трапіць хто-небудзь з кандыдатаў на новага прэзідэнта Беларусі, хто гатовы размаўляць з Масквой, то бывай, Лукашэнка! — Масква можа паспрабаваць дамовіцца і паступова патушыць народны гнеў.
У кожным выпадку, Беларусь вырвалася з палону пракрамлёўскіх каштоўнасцяў, не будзе часткай расійскай імперыі і калі нават рэжым Лукашэнкі пратрымаецца нейкі час, то гэта будзе штучнае існаванне, імітацыя жыцця. Беларусь вырвалася з палону.
Чаго не скажаш пра Расію. Ды і з якога палону вырывацца Расіі, калі яе ўлады самі гэты палон і арганізуюць? А калі справы такія, то трэба вырвацца з іх палону. Зрэшты, гэта задача складанейшая.
Пуцін не такі просты, як Лукашэнка. Ён — чалавек вялікай, цяжкай ідэі. Я б сказаў, хваравітай ідэі, таму што яна не толькі не можа быць здзейсненая, але і вельмі непажаданая. Ён хоча вярнуць назад Савецкі Саюз, хоць бы яго прывід. Лукашэнка — “калгаснік”, а Пуцін — афіцэр савецкага КДБ. Ён атрымаў ідэйнае выхаванне, постсавецкія бандыцкія гады наклалі на яго свой адбітак, ён не толькі выжыў, але і атрымаў поспех як ніхто. Яго кар'ера фенаменальная. З дваровага ленінградскага хлопчыка — ў прэзідэнты Расіі. Да гэтага часу, напэўна, круціцца яго галава, а разам з галавой круціцца там ідэя вярнуцца да моцы Савецкага Саюза.
Расія можа знішчыць увесь свет сваімі ракетамі. Лёгка. Але цікавей, вядома, каб свет паважаў і нават слухаўся Расію, як у двары слухаюцца моцнага і дзёрзкага маладзёна. Вось такі маладзён у нас ужо 20 гадоў працуе прэзідэнтам, на твары яго часта праслізгвае выраз расчаравання ў людзях наогул, але імперская мара мацней за расчараванні. Праўда, не на шмат. Адсюль праблемы. Вось чаму ў прэзідэнта часта ходзяць жаўлакі: ён не задаволены навакольным светам.
І ёсць такі чалавек, які асабліва яму псуе карціну свету — Навальны. Ён яго ні разу не назваў па прозвішчы. Так першабытныя людзі ніколі не называлі дзікіх звяроў на іх імя. Нават мядзведзь (у рускай мове) — гэта замена імя.
Навальны — самы магутны апазіцыянер Расіі. Я яго трохі ведаю асабіста і мушу сказаць: гэта моцны, упэўнены ў сваіх поглядах палітык. Ён нічога звышнатуральнага не патрабуе для Расіі. Як і беларусы. Ён хоча годнай краіны, з годнай дэмакратычнай сістэмай. Да гэтай сістэмы прыйсці ў Расіі не проста. Расея не Беларусь.
У нас усё-ткі савецкая ўлада пакарчавала людзей мацней, чым у Беларусі ў цэлым. Усё ж такі да 1939 года значная частка заходняй Беларусі належала Еўропе. Мы ж пазбавіліся нармальных чалавечых каштоўнасцяў у 1917 годзе, і з нашых дзядоў і бацькоў павыбівалі ўяўленне пра гонар, годнасць. Мы былі савецкімі рабамі — і гэта не метафара.
Я летась быў у Мінску на літаратурным фестывалі. Тады ўжо адчувалася, што Еўропа на падыходзе. Мне там распавядалі, што палова беларусаў не прыняла анексію Крыма. У Расіі ж толькі 2 адсоткі былі супраць. Капітальная розніца. І вось у гэтыя нашы галовы пуцінская прапаганда запусціла міфы аб страшнай Амерыцы, распуснай Еўропе – беззмястоўныя, бяздарныя, але клейкія, ліпучыя міфы. Тым больш, што рускі чалавек жыве пры ўключаным тэлевізары цэлы дзень. А наш цар пастаянна падкрэслівае, што ўсё ў свеце прадаецца і купляецца (акрамя яго і бліжэйшых сяброў ўсіх можна купіць), і вось Навальнага купіў Захад.
Аляксей, вядома, чалавек жорсткіх правілаў. Ён не бальшавік, але Пётр Першы — яму паплечнік. І напэўна, каб прарвацца да еўрапейскіх каштоўнасцяў у Расіі патрэбны новы Пётр Першы. У апошні час Навальны стаў перамагаць. Ён прыдумаў "разумнае галасаванне", якое не дазволіла пра-ўрадавай партыі захапіць маскоўскую Думу цалкам, ды і шмат што іншае ў яго атрымлівалася. Ён раздражняў ўладу, ён стаў небяспечны, асабліва таму, што ў верасні будуць агульнанацыянальныя выбары.
Вядома, улада ніколі не прызнаецца, што яна яго атруціла. Як не прызналася ў цэлым шэрагу іншых дзеянняў, ад малазійскага самалёта да Скрыпалёў і т.п. Для ўнутранага карыстання абвесцяць, але не афіцыйна, што гэта немцы яго атруцілі ўжо ў Берліне. Але і ў самім дзеянні атручвання ёсць нешта ад садызму Івана Жахлівага. Навальны дзіка крычаў у самалёце, у яго былі канвульсіі - ён стаў трагікамічны персанажам, яго высмеялі перад тым, як ён павінен быў памерці. Але ён не памёр. Далібог, каб ён вярнуўся да нармальнага жыцця!
Атручванне Навальнага — гэта ўдар па імперыі. Захад адштурхне Расію з агідай, ніякай іншай Ялты не атрымаецца, а разам з правалам іншай Ялты не будзе і іншага, гіпатэтычнага Савецкага Саюза. Небарака Пуцін, ён значыць дарма кіруе? Будзе ізаляцыя і абурэнне. Кітай, вядома, скарыстаецца ізаляцыяй і прыцягне Расію да сваіх планаў на будучыню.
Але ў самой Расіі ў выглядзе Расіі-атрутніцы будучыня будзе зноў жа жыццём пасля жыцця — марудным існаваннем. Магчыма, і ў нас вырастуць працоўныя з палітычнай культурай, магчыма і нашы жанчыны, узяўшы кветкі, аднойчы ўстануць (як у Мінску) у адзін ланцуг. Бо і ў нас ёсць пратэсты. Той жа Хабараўск. Жыхары далёкага горада ўсё ніяк не супакояцца, што ў іх адабралі папулярнага губернатара і пасадзілі ў турму. Але ўсё ж існуе розніца. У нас выйшлі на вуліцу незадаволеныя людзі, якія толькі эмацыйна ганьбяць рэжым, без асаблівай палітычнай культуры. У беларусаў, яшчэ раз падкрэслю, рэвалюцыя прыняла абрысы "Салідарнасці". Нам да гэтага няблізка. Але і не так далёка, як падаецца.
Пераклаў на беларускую Павел Баркоўскі
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.