Палецкіс: “Умова ранейшая — вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў”
Дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Юстас Палецкіс каментуе Еўрарадыё свой даклад, які ўжо зазнаў жорсткую крытыку.
Даклад Юстаса Палецкіса з рэкамендацыямі ЕС для паляпшэння сітуацыі з Беларуссю рэзка абмяркоўваецца ў байнэце, многія беларускія палітыкі і праваабаронцы раскрытыкавалі яго. Еўрарадыё задала свае пытанні спадару Палецкісу.
Палецкіс: “Гэта толькі першасны варыянт. Ён будзе вынесены на галасаванне на пленарным паседжанні ў верасні. Да гэтага часу з чатырох старонак будзе, магчыма, дзесяць ці яшчэ больш. Чальцы Еўрапарламента ўнясуць свае папраўкі, я сам унясу. У канчатковым выніку, гэта будзе зусім іншы дакумент”.
Еўрарадыё: У вашым дакладзе гаворыцца пра “заўважнае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека”. Вы маглі б падрабязней растлумачыць, пра што гаворка…
Палецкіс: Вы б пачыталі ангельскую версію Дакладу. Мабыць, там, дзе вы чыталі, не вельмі слушна выкладзена. Арганізацыі, якія назіраюць за правамі чалавека ў краіне — "Вясна" і БХК - падалі лічбы пра тое, што сапраўды ў 2012 годзе было менш рэпрэсій, чым 2011 годзе. Слова “значна” ў дакладзе — няма. Гэта, мабыць, дадалі “вельмі ахайныя журналісты”.
Еўрарадыё: Пра што тады гаворыцца ў гэтым дакуменце?
Палецкіс: У гэтым папярэднім дакуменце ясна гаворыцца, што папярэдняя ўмова — гэта вызваленне і палітычная рэабілітацыя палітычных зняволеных. Калі гэта будзе, то будуць зваротныя крокі з боку ЕС. Калі не будзе, то прыйдзецца чакаць лепшых часоў. Хоць, на мой погляд, а ён сфармаваўся пасля гутарак у Мінску з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, становішча, калі Беларусь ізаляваная, калі частка еўрапейскіх палітыкаў лічыць, што трэба махнуць рукой на гэту краіну, на мой погляд, гэта не лепшае выйсце.
Еўрарадыё: З кім вы сустракаліся, калі рыхтавалі даклад?
Палецкіс: Я быў у Мінску чатыры дні. У мяне было 25 сустрэч. З іх 4 — з афіцыйнымі асобамі, 21 — з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, апазіцыйных партый, экспертамі. Пасля вяртання ў Брусэль была відэаканферэнцыя з жонкамі палітычных зняволеных. Мы вельмі добра пагаварылі, хоць гэта была цяжкая гутарка. Мы размаўлялі не так, што збіраліся за сталом з прадстаўнікамі партый ці арганізацый, мы размаўлялі з кожным тэт-а-тэт, так бы мовіць, па шчырасці. У мяне сапраўды склалася ўражанне, што некаторыя шанцы для аднаўлення дыялогу ёсць.
Еўрарадыё: Якая галоўная сутнасць вашага дакладу?
Палецкис: Трэба выкарыстоўваць любыя магчымасці, вядома, калі палітычныя зняволеныя будуць вызвалены, каб стварыць лепшыя ўмовы для кантактаў паміж людзьмі, навукоўцамі, дзеячамі культуры, бізнэсмэнамі, у першую чаргу, паміж маладымі людзьмі. Каб паменшыць гэтыя ганебныя чэргі на мяжы, калі даводзіцца двое сутак у грузавіках начаваць кіроўцам. А калі едзеш за рулём, то паўсутак. 60 еўра за візу — гэта ж зневажальна. Навошта гэта? Чым больш кантактаў будзе паміж Беларуссю і ЕС, тым больш ваша краіна будзе набліжацца да еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў. А калі гэта сцяна будзе захоўвацца ці расці, то вы ведаеце, толькі каму на карысць гэта пойдзе".
Еўрарадыё: Вы пісалі, што можна зняць санкцыі з некаторых службоўцаў, з каго?
Палецкіс: Тут маецца на ўвазе міністр замежных спраў Беларусі спадар Макей. І, магчыма, іншыя афіцыйныя асобы, з якімі можна аднавіць дыялог, калі будзе выканана галоўная ўмова — вызвалены ўсе палітычныя зняволеныя.
Еўрарадыё: А каго б вы прапанавалі запрасіць на саміт Усходняга партнёрства ў Вільню?
Палецкіс: Мне цяжка казаць. Гэта будзе вырашаць не Літва, не Брусэль, а 28 краін ЕС. У любым выпадку, гаворка ідзе пра міністра замежных спраў, пра прэм'ер-міністра, могуць з'явіцца іншыя прозвішчы.
Фота: delfi.lt