Панікаваць ці радавацца, калі ваш дом збіраюцца зносіць?
Ніхто з забудоўшчыкаў не жадае судзіцца, бо на гэта губляецца шмат часу.
Сям’я Брэляў не захацела вызваляць дом пад знос, бо там будуюць метро. Справа ў тым, што з моманту адпаведнага судовага прысуду ў іх нарадзілася яшчэ адно дзіця. Цяпер кватэра, якую прапануюць у замен, ужо не падыходзіць па метражы.
Перад пачаткам будаўніцтва трэцяй лініі метро начальнік "Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна" Павел Царун папярэджваў: "У зону будаўніцтва трапляюць 66 адміністрацыйных будынкаў і 29 жылых дамоў (агулам 66 кватэр), з якіх 27 — прыватныя”. Але гэта толькі пачатак. У афіцыйным “Пераліку тэрыторый, запланаваных да асваення пад аб'екты жыллёвага і грамадскага прызначэння” больш за сто пунктаў, на сур’ёзнай частцы якіх ужо ёсць будынкі.
Панікаваць ці радавацца калі ваш дом збіраюцца зносіць, Еўрарадыё паразмаўляла з юрыстам, які акурат спецыялізуецца на жыллёвай тэме. Прычым, гаворку вядзем выключна пра выпадкі, калі зямельныя ўчасткі, забіраюць для дзяржаўных патрэб. Правілы аднолькавыя, як для прыватных дамоў, так і для кватэр.
1. Той, хто забірае ўчастак ці кватэру, абавязаны прапанаваць людзям тры варыянты развіцця падзей:
Першы — кватэра, якая павінна адпавядаць тыпавым спажывецкім якасцям, і выдзяляецца па норме 15-20 метраў на аднаго чалавека.
Другі — грашовая кампенсацыя. Дзяржаўныя ацэньшчыкі выстаўляюць кошт вашай кватэры ці дома, і па выніках іх экспертызы вам аддаюць грошы.
Трэці тычыцца прыватных дамоў, але з’яўляецца, хутчэй, “мёртвай нормай”. На паперы можна прасіць пераносу будынка на іншы вольны ўчастак зямлі. Але ў Мінску вольнай зямлі для гэтых справаў няма, таму варыянт не працуе.
2. Дзе знаходзіцца ваша жыллё, значэнне не мае. Наўрад ці вам прапануюць што-небудзь па суседстве. Галоўны крытэрый — метраж. Разнаполыя дзеці, некалькі сем’яў у адным доме, дрэнныя ўзаемадачыненні не ўплываюць на колькасць кватэр для перасялення.
3. Такі ж прынцып і з колькасцю пакояў. Напрыклад, калі ў вас іх два, хутчэй за ўсё, два і застанецца.
4. Па словах юрыста, толькі лайдакі не прапісваюць у свой дом як мага болей сваякоў, калі даведваюцца, што іх будуць зносіць! Але, калі ў вашым невялічкім доме па паперах жыве 15 чалавек і гэта не выклікае падазрэнняў у забудоўшчыка, то дзве кватэры вы зможаце атрымаць толькі ў выпадку, калі вам не знойдуць адну неабходнай плошчы (15-20 метраў на чалавека).
5. Найбольш прадпрымальныя беларусы пасля інфармацыі пра высяленне, рэзка дзеляць свае дамы на дзве часткі. Такім чынам сваякі прапісваюцца ўжо не ў адзін дом, а ў дзве кватэры аднаго дома. Калі вам пашанцавала і экстраная перапланіроўка разам са з’яўленнем новых жыхароў забудоўшчыка не здзівіла, то гэты варыянт, хутчэй за ўсё, прынясе вам дзве асобныя кватэры з плошчай, адпаведнай колькасці прапісаных жыхароў.
6. Трэба разумець, што ніхто з забудоўшчыкаў не жадае судзіцца, бо на гэта губляецца шмат часу. Яны не могуць пачаць будаўніцтва пакуль усім жыхарам не дадуць жыллё ў замен. Таму забудоўшчык хутка шукае варыянты і прапануе іх жыхарам. Калі тыя адмаўляюцца раз за разам, калі не даюць згоду прынцыпова ці высоўваюць неадэкватныя, неаб’ектыўныя патрабаванні, то забудоўшчык звяртаецца ў суд. У гэтым выпадку ён адразу набывае кватэру, якая пасуе капрызнай сям’і па нормах, і пасля станоўчага рашэння суда высяляе яе туды. Ужо без варыянтаў.
7. Ну, і нашумеўшы выпадак з сям’ёй Брэляў. Суд прыняў рашэнне пра яе высяленне, яшчэ да нараджэння трэцяга дзіцяці. То бок гэты, так бы мовіць, фактар з’явіўся ўжо пасля вынясення прысуду. Атрымліваецца, што юрыдычна павелічэнне сям’і адбылося ўжо не ў гэтым доме, бо сям’я ужо была выселеная. Таму суд можа заняць вельмі жорсткую пазіцыю. Міліцыя і судовыя выканаўцы, якія 11 сакавіка прыязджалі выконваць прысуд, выселілі ў кватэру толькі бацьку сям’і і дваіх дзяцей. Маці і немаўля пакінулі ў доме да завяршэння разбіральніцтваў. А гэта, хутчэй за ўсё, сведчыць пра тое, што горад ўсё ж вырашыў падтрымаць дзіця і пайсці на саступкі.
Нагадаем, што нягледзячы на вельмі марудны працэс высялення, першыя чатыры станцыі трэцяй лініі метро ў Мінску плануецца адкрыць у 2017 годзе. Імі стануць "Юбілейная плошча", "Плошча Францішка Багушэвіча", "Вакзальная" і "Кавальская Слабада".