Паркінг на Камсамольскай: знакі ў дрэвах, паркаматы знайсці няпроста

Першы дзень платнай паркоўкі на вуліцах Камсамольская-Інтэрнацыянальная-Рэвалюцыйная ў цэнтры Мінска не прынёс ніякіх заўважаных зменаў у дарожнай сітуацыі квартала. Прыпаркаваных машын калі і стала меней, то не на шмат.

“Пакуль гэтая паркоўка працуе ў тэставым рэжыме, — каментуе дырэктар Дзяржаўнай установы “Паркоўкі сталіцыАляксандр Буйко. — Мы пакуль абкатваем працу паркаматаў і ўдасканальваем схему арганізацыі дарожнага руху ў сэнсе расстаноўкі дарожных знакаў. Таму казаць пра поўны запуск гэтай сістэмы рана”.

Сапраўды, пакуль знакі, што паркоўка стала платнай, знаходзяцца толькі на ўездзе на гэтыя вуліцы. Прычым, заўважыць іх праз галіны дрэваў не вельмі проста. Паркаматы стаяць адзін ад аднаго на даволі вялікай адлегласці і з-за той жа расліннасці таксама не кідаюцца ў вочы. У выніку за паўгадзіны, якія Еўрарадыё правяло на гэтых вуліцах, выехала і прыпаркавалася нямала машын, але ніводзін кіроўца ля паркамата так і не з’явіўся.

“Эвакуацыя адбываецца, — адзначае Аляксандр Буйко. — Але толькі тых аўтамабіляў, якія прыпаркаваныя з парушэннем правілаў дарожнага руху. Пакуль толькі так”.

Еўрарадыё, відаць, трапіла ў той момант, калі загружаныя эвакуатары павезлі аўтамабілі на штрафстаянкі. Бо нават пры такім разборлівым стаўленні да парушальнікаў працы ім хапае: некалькі дзясяткаў машын стаяць другім і трэцім шэрагам, а на Рэвалюцыйнай, дзе паркоўка дазволеная толькі з аднаго боку, машыны стаяць з абодвух, нягледзячы на знак у некалькіх метрах.

Паводле тарыфаў, адна гадзіна стаянкі каштуе 10 тысяч, хоць днём, хоць ноччу. Паставіць машыну на суткі абыдзецца ў 140 тысяч. Штраф за неаплату — тры базавыя велічыні (540 тыс.), а таксама пеня ў памеры сутачнага тарыфу (140 тыс.) за кожны дзень пратэрміноўкі.

“Усе звароты і юрыдычных, і фізічных асобаў намі разглядаюцца, — адказвае дырэктар “Парковак сталіцы” на пытанне пра скаргі ад мясцовых жыхароў і офісных супрацоўнікаў ды магчымасць з’яўлення зніжак для іх. — Будзем спрабаваць максімальна задаволіць усе, так бы мовіць, патрэбы гэтага квартала”.

Колькі грошай было сабрана за першы дзень працы новай платнай паркоўкі, Аляксандр Буйко не ведае. Маўляў, пра гэта можна будзе размаўляць праз тыдзень, калі нармалізуецца праца, а пакуль тэставы рэжым і прыбытак не адсочваецца.

Праўда, што рабіць сумленным аўтааматарам, якія ўсе гэтыя дні спраўна плацяць за паркоўку машын, але ніякай выгады ад гэтага не бачаць — незразумела.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі