Павышэнне ставак: УСУ два дні атакуюць Курскую вобласць. Што там адбываецца?
Абстраляны дом у горадзе Суджа
Ужо другі дзень украінскія вайскоўцы атакуюць памежную зону Курскай вобласці Расіі. Паводле крамлёўскіх ваенкараў, УСУ захапілі некалькі вёсак і ваююць цяпер у прыгарадзе Суджы — горада за 9 кіламетраў ад расійска-ўкраінскай мяжы.
Еўрарадыё тлумачыць, што гэта за вайсковая аперацыя, якую Пуцін ужо назваў “маштабнай правакацыяй”.
Што адбываецца ў Курскай вобласці
Ноччу 6 жніўня ўкраінскія войскі ў складзе ад аднаго да двух батальёнаў зайшлі ў Курскую вобласць і занялі некалькі населеных пунктаў у памежнай зоне.
Паводле звестак пракрамлёўскіх праваенных тэлеграм-каналаў, УСУ замацаваліся ў вёсках Мікалаева-Дар'іна, Свердлікава і Дар'іна ў Суджанскім раёне, а таксама паспрабавалі кантраляваць трасу Рыльск — Суджа. Паведамляецца пра баі ў раёне Ганчароўкі і хутара Алешня.
Іншыя крыніцы паведамляюць, што ўкраінскія войскі таксама вядуць дыстанцыйнае мініраванне трасы Суджа — Беліца і кантралююць расійскія апорныя пункты ў Алешні.
Таксама захопленая газавымяральная станцыя, па якой ажыццяўляецца транзіт газу ў Еўропу праз Украіну.
У выніку баёў пацярпелі і мясцовыя жыхары: за 6 жніўня загінула як мінімум тры чалавекі, а агульная колькасць пацярпелых складае не менш за 28. Шырыня фронту на Курскім напрамку складае 10-11 кіламетраў.
Расійскія войскі, паводле афіцыйнай інфармацыі Мінабароны Расіі, спрабавалі адбіць атакі і знішчылі некалькі адзінак украінскай бранятэхнікі [незалежных падцверджанняў гэтай інфармацыі пакуль няма. — Еўрарадыё]. Як сцвярджае часовы выканаўца абавязкаў губернатара Курскай вобласці Аляксей Смірноў, зафіксаваныя ўдары ўкраінскіх дронаў, у тым ліку па машыне хуткай дапамогі.
Усе масавыя мерапрыемствы ў рэгіёне адмененыя, арганізаваная эвакуацыя мясцовых жыхароў з Суджы і іншых населеных пунктаў памежжа.
Ваенкары вінавацяць у прарыве мяжы… Лукашэнку
На фоне няўдачы расійскіх памежнікаў па абароне вобласці частка расійскай прапаганды пачала вінаваціць у абвастрэнні сітуацыі Аляксандра Лукашэнку.
Паводле інфармацыі каналаў “Брыфінг” і “Win/Win”, украінскія войскі, якія нядаўна былі нібыта знятыя на беларускай мяжы, цяпер перакінутыя на Курскі напрамак.
Мірныя ініцыятывы Лукашэнкі, на іх думку, нібыта справакавалі Украіну на наступ у Курскай вобласці.
Канал "Дзеці Арбата" таксама паведамляе, што ўкраінскія сілы на Курскім кірунку раней стаялі ўздоўж мяжы з Беларуссю, і звязвае дзеянні Лукашэнкі з цяперашнімі падзеямі.
Гэтая аперацыя — спроба адцягнуць расійскія войскі з украінскага фронту?
Пакуль ніхто не ведае.
Генштабы УСУ і Мінабароны Украіны пакуль ніяк не каментуюць сітуацыю. Расійскае камандаванне, у сваю чаргу, заяўляе, што нанесла паразу ўкраінскім вайскоўцам у Сумскай вобласці, забіўшы 260 баевікоў і знішчыўшы 50 адзінак бранятэхнікі, а таксама дзве самаходныя агнявыя ўстаноўкі ЗРК “Бук М1”. Але фактаў, якія б падцвярджалі гэтую інфармацыю, пакуль няма.
На сітуацыю сёння адрэагаваў Уладзімір Пуцін на нарадзе з чальцамі ўрада.
“<...> Як вядома, кіеўскі рэжым распачаў чарговую маштабную правакацыю: вядзе невыбіральную страляніну з розных відаў зброі, у тым ліку ракетнай, па цывільных будынках, жылых дамах, машынах хуткай дапамогі <...>”, — падкрэсліў прэзідэнт Расіі.
Эксперты разыходзяцца ў меркаваннях пра тое, што адбываецца.
Аддзел “Разбор” расійскага выдання “Медуза”, які спецыялізуецца на аналізе баявых дзеянняў ва Украіне, пакуль робіць высновы, што гэта атака не падобная на мінулыя рэйды УСУ ў расійскія рэгіёны.
“<...> Гэтым разам замест некалькіх рот лёгкай пяхоты, узмоцненай дзясяткам адзінак бранятэхнікі, як гэта было ў 2023 годзе, на тэрыторыі Расіі дзейнічаюць паўнавартасныя механізаваныя роты з вялікай колькасцю бранятэхнікі, імаверна, са складу батальёнаў 22-й механізаванай брыгады. <...> Расійскае камандаванне <...> у першыя гадзіны спрабавала спыніць украінскі прарыў сіламі авіяцыі — як бамбардзіроўшчыкаў, так і верталётаў. Яны змаглі падбіць некалькі механізаваных калон, але не спыніць наступ”.
Беларускі палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў лічыць, што атака УСУ — не проста правакацыя, а сур’ёзная аперацыя.
“Тое, што цяпер адбываецца ў Курскай вобласці — не асобная вылазка ўкраінскіх войскаў дзеля інфармацыйнага піяру і стварэння адпаведнай псіхалагічнай атмасферы. Гэта значна больш сур’ёзна. <...> Падзеі ў Курскай вобласці — прыкметны паварот у вайне і заўважнае павышэнне ставак з боку Кіева”, — падкрэслівае эксперт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.