Прадзюсар фільма "Мы, браты" абяцае, што 20 млрд рублёў вернуцца ў бюджэт
Сяргей Ждановіч пракаментаваў чарговы скандал вакол фільма.
Вакол фільма "Мы, браты" (працоўная назва "Авель") разгарэўся чарговы скандал. На 14-м з'ездзе кінематаграфістаў, які адбыўся днямі ў Мінску, прайшла інфармацыя, быццам стваральнікі фільма ўцяклі з вялікім грашыма, а сам фільм стаў вялікім пшыкам і дагэтуль не выйшаў на экраны.
Год таму генеральны прадзюсар кампаніі Nonstop Media Сяргей Ждановіч абяцаў паказаць фільм на беларускім кінафестывалі "Лістапад" напрыканцы 2014 года. Аднак падчас фэсту фільм так і не з'явіўся на экранах, Цяпер стваральнікі фільма абяцаюць прэм'ерны паказ 18 красавіка 2015 года.
У каментарыі Радыё "Свабода" Ждановіч паведаміў, што робіцца англійская версія фільма для міжнародных паказаў, таму больш канкрэтныя тэрміны ён зможа назваць пазней.
Ждановіч кажа, што на вытворчасць фільма было выдаткавана з бюджэту 20 мільярдаў рублёў, якія выдаваліся да канца 2014 года. Па яго словах, гэта склала 1,8 млн долараў. Прадзюсар кажа, што заклаў пад вытворчасць фільма сваё жтыло і офіс, піша "Комсомольская правда". Але ён упэўнены, што пракат фільма не толькі верне ўсе выдаткаваныя грошы, але і прынясе прыбытак.