Праграма ўраду: нафта па 50 долараў, інфляцыя 25%, жылля пабудуюць менш
Як будуць жыць беларусы, наўпрост залежыць ад заходніх санкцый супраць Расіі, прызнаюць у беларускім урадзе.
Праграму дзейнасці ўраду на 2015 год прадставіў 25 лютага парламентарыям прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякаў. З самага пачатку, відаць, каб пазбегнуць розных абвінавачанняў, прэм’ер тлумачыць, што гэтая праграма — не план “ручнога кіравання”. Маўляў, “галоўнае не справаздачы і лічбы, а вынік — кожны на сваім працоўным месцы павінен хутка прымаць рашэнні, працаваць на прыбытак, рэнтабельнасць, рост экспарту і яго дыверсіфікацыю”. І адразу папярэджвае:
“Асаблівасцю праграмы з’яўляецца персанальная адказнасць міністэрстваў, канцэрнаў за выпрацоўку і рэалізацыю галіновай палітыкі. Другое: узмацненне ролі міністраў, губернатараў і кіраўнікоў прадпрыемстваў у прыняцці і рэалізацыі рашэнняў”.
А вось далей пайшло цікавае. Да прыкладу, нават калі прымаўся бюджэт, было шмат пытанняў да закладзенага ў яго кошту нафты — 83 долары за барэль. Тады, адказваючы на пытанне Еўрарадыё, міністр фінансаў Уладзімір Амарын сцвярджаў, што, закладаючы такі кошт, яны зыходзяць з эканамічных прагнозаў экспертаў. Пры тым, што ўжо на той момант барэль каштаваў каля 70 долараў. Цяпер відавочна, што тыя эксперты памыляліся.
Андрэй Кабякоў: “Праз абвал цэнаў на нафту на сусветным рынку запланаваныя прыбыткі бюджэту падаюць. Да таго ж і расійская эканоміка з яе залежнасцю ад узроўню прыбытковасці на нафтавым рынку запавольвае актыўнасць і зніжае імпарт у тым ліку і на беларускую прадукцыю. Расійскія эксперты ацэньваюць зніжэнне імпарту ў Расіі ў 30%. У сувязі з гэтым у якасці базавага для правядзення эканамічнай палітыкі намі прыняты сцэнар — 50 долараў за барэль і 62 расійскія рублі за долар”.
Калі нафта будзе каштаваць даражэй, супакойвае дэпутатаў прэм’ер, то ўрад “у другой палове 2015 года змякчыць эканамічную палітыку, аднавіўшы некаторыя бюджэтныя назначэнні”. Але гэта аптымістычны сцэнар. Ёсць жа і песімістычны, прызнаецца ў кулуарах парламента журналісту Еўрарадыё сябра камісіі па бюджэце Валерый Барадзеня, паводле якога за барэль будуць даваць 20 долараў. Але пра яго гэтым разам дэпутатам Андрэй Кабякоў не казаў. Відаць, каб не хваляваліся, ведаючы, што сёлета наша краіна павінная выплаціць 4 мільярды долараў па дзяржпазыцы. А толькі ў 2014 годзе праз змяншэнне экспарту ў Расію Беларусь страціла звыш 1,5 мільярда долараў. Дарэчы, нават для нашых дэпутатаў і міністраў не сакрэт, што гэта вынік заходніх санкцый адносна Расіі праз яе ўдзел у канфлікце ва Украіне.
Па словах міністра, у перыяд з 1 студзеня па 17 лютага беларускі рубель “аслабеў” на 25%, але цэны выраслі толькі на 3,3%. Заслугу гэтую Кабякоў цалкам прыпісвае ўраду: маўляў, “дзякуючы жорсткай грашова-крэдытнай палітыцы ўдалося стрымаць інфляцыйную хвалю”. Праўда, што будзе, калі забарона на рост цэнаў будзе знятая, Кабякоў умела не кранае. І гэта не адзінае, што застаецца незаўважаным ці не патлумачаным прэм’ерам. Так, Кабякоў кажа, што арганізаваная праца “так званага клуба крэдытораў для расчысткі балансу 106 найбуйнейшых прадпрыемстваў-даўжнікоў — адпрацоўваюцца меры рэфінансавання іх валютных абавязанняў”. Каб гэтыя прадпрыемствы ўратаваць. І тут жа дадае, што па асобных прадпрыемствах “давядзецца прымаць нестандартныя рашэнні”. Якія гэта меры і якія прадпрыемствы, застаецца без адказу.
Увогуле, падчас прадстаўлення праграмы дэпутатам прэм’ер выступае вельмі тэзісна. Маўляў, і дэпутаты з ёй падрабязна знаёміліся, і на сайце Саўміна яна ўжо ёсць — глядзіце. Але пытанні ў дэпутатаў усё адно ўзнікаюць. Так, дэпутат Валянціна Жураўская цікавіцца, што ўрад будзе рабіць для захавання ўзроўню жыцця простых беларусаў. Прэм’ер абяцае, што расходы на пенсіі, стыпендыі, заробкі, субсідыі на паслугі ЖКГ і транспарту будуць забяспечаныя грашыма “ў поўным аб’ёме”. Іншая справа, прызнаецца, што “рашэнне па пэўнай індэксацыі аплаты працы будзе прымацца па меры магчымасці”. А вось з будаўніцтвам жылля для тых жа шматдзетных не ўсё так аптымістычна, дадае прэм’ер, адказваючы на пытанне дэпутата Юрыя Дарагакупца.
Андрэй Кабякоў: “Было запланавана пабудаваць у 2015 годзе 2,5 мільёна квадратных метраў жылля з дзяржпадтрымкай. Але план фінансавання аптымізуецца, і таму прагноз будаўніцтва такога жылля пакуль скарэктаваны ў меншы бок — прыкладна адсоткаў на 30".
Але суцяшае, што прынцып сацыяльнай справядлівасці захоўваецца, і менавіта шматдзетным сем’ям і іншым “сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва” будзе даддзена кватэр столькі, колькі і запланавана ад пачатку.
Прэм’ер не выключае, што рэспубліканскі бюджэт можа быць скарэктаваны. Але ў які бок — пакажа час. А таксама кошт барэля нафты, курс расійскага рубля і ўзровень заходніх санкцый супраць Расіі, калі канфлікт ва Украіне не будзе ўрэгуляваны.
Фота: www.government.by