Праваабаронцы заклікаюць спыніць крымінальную справу кіраўніка агенцтва БелаПАН
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з агульнай заявай у падтрымку інфармацыйнага агенцтва "БелаПАН" Алеся Ліпая, піша праваабарончы сайт "Вясна".
Ліпая вінавацяць ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры. Крымінальную справу пачало ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Мінску і Мінскай вобласці яшчэ месяц таму — 12 ліпеня.
На думку праваабаронцаў, "справа Ліпая" мае палітычную аснову. Яны параўноўваюць яе са справай Алеся Бяляцкага і справай прафсаюзных лідараў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
"Так, крымінальная справа ў дачыненні да Алеся Ліпая была распачата 12 чэрвеня 2018 г. у 16 гадзін. Між тым, яшчэ за тыдзень да гэтага, 5 чэрвеня, А.І.Ліпай падаў падатковыя дэкларацыі за 2016-2017 гады. У той жа дзень інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Партызанскім р-не г. Мінска наклала на яго адміністрацыйнае спагнанне за нясвоечасовае прадстаўленне падатковых дэкларацый і зрабіла разлік сумы падаткаў і пені, якія былі выплачаныя Ліпаем ў поўным аб'ёме 12 чэрвеня ў 13.40", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.
Крымінальную справу на Ліпая пачалі, не зважаючы на тое, што ён не толдькі задэклараваў грошы, але і выплаціў падаткі і пеню. Дома ў журналіста адбыўся ператрус, яго маёмасць арыштавалі, а яму забаранілі выезд з Беларусі.
Праваабаронцы лічаць, што пераслед Ліпая звязаны з узмацненнем ціску на недзяржаўныя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы ў Беларусі. Такімі мерамі яны лічаць эканамічны ціск на незалежныя СМІ, штрафы журналістам-фрылансерам за супрацу з замежнымі СМІ. Летась было накладзена 69 штрафаў на суму, эквівалентную амаль 53 тысячам еўра (гэта больш, чым за тры папярэднія гады, разам узятыя). "Аднак у гэтым годзе сітуацыя толькі пагоршылася, і колькасць штрафаў па ч. 2 арт. 22.9 ужо набліжаецца да 60, а сума — да эквіваленту 50 тысяч еўра", — гаворыцца ў заяве.
Таму праваабаронцы патрабуюць спыніць крымінальны пераслед Алеся Ліпая і спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў за іх прафесійную дзейнасць.
Пад заявай паставілі свеае подпісы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", праваабарончы цэнтр "Вясна", экспертна-прававое таварыства "Ініцыятыва FORB", РГА "Прававая ініцыятыва", РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі", ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права", Асамблея НДА, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Дом правоў чалавека, Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман Канстанта", асветніцка-дабрачынная ўстанова "Камітэт "Салідарнасць".