Пуцін дазволіў не выконваць у Расіі рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека
Уладзімір Пуцін падпісаў папраўкі ў федэральны закон "Аб Канстытуцыйным Судзе РФ". Згодна з імі, Канстытуцыйнаму суду дазволена прызнаваць невыканальнымі рашэнні міжнародных судоў, калі яны супярэчаць расійскай Канстытуцыі. У першую чаргу гаворка ідзе пра Еўрапейскі суд па правах чалавека.
Законапраект быў прыняты Дзярждумай 4 снежня і ўхвалены Саветам Федэрацыі 9 снежня, адзначае ТАСС.
Сам Канстытуцыйны суд яшчэ ў сярэдзіне ліпеня 2015 года пастанавіў, што рашэнні ЕСПЧ могуць выконвацца на тэрыторыі Расіі толькі ў тым выпадку, калі яны не супярэчаць Канстытуцыі краіны. Гэтая пастанова была прынятая пасля запыту групы дэпутатаў Дзярждумы. Яны цікавіліся, наколькі рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека могуць прымяняцца на тэрыторыі Расіі, калі яны датычаць канстытуцыйных нормаў і рашэнняў Канстытуцыйнага Суда РФ.
Прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Пяскоў у панядзелак заявіў журналістам, што рашэнне аб прыярытэце расійскага права над рашэннямі ЕСПЧ не супярэчыць еўрапейскай Канвенцыі аб абароне правоў чалавека. Па яго словах, гаворка ідзе пра тыя выпадкі, калі стандарты расійскай Канстытуцыі вышэйшыя за стандарты міжнароднага заканадаўства.
Фота: ТАСС