Размеркаваны ў калгас: Частку заробку даюць каўбасой, святло адключылі за даўгі

Размеркаваны ў калгас: Частку заробку даюць каўбасой, святло адключылі за даўгі

Пасля Аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Іван трапляе па размеркаванні ў калгас Браслаўскага раёна. На працы ў Івана няма святла ўжо год: адключылі за даўгі. А частку заробка выдаюць натурпрадуктам: каўбасой ды малаком.


Іван: "Скончыў Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт, вучыўся на эканаміста менеджара ў сферы аграпрамысловага комплексу. На размеркаванні было тры варыянты. Я абраў гэты варыянт. Тут абяцалі 3,8 мільёна, жыллё. Мы дамовіліся, што гэта будзе прыватны дом.


Дом з бярвення досыць вялікага памеру. Да мяне там жыў адзін чалавек, нас засялілі траіх. Усе хлопцы, па размеркаванні. У мяне — пусты пакой, у якім ужо даўно ніхто не жыў. Давялося завозіць нават стул! Цяпер стукнулі маразы, і сплю ў вопратцы, бо немагчыма дом гэты цалкам пратапіць. Ён ацяпляецца печкай. Ваду носім з калодзежа.

 

Дом, які выдзелілі Івану на размеркаванні

Мне адразу казалі, што ўзімку заробкі падаюць. Першы месяц атрымаў 2,7 мільёна. Потым два месяцы ўсё, увесь аклад. А цяпер, апошнія два месяцы, заробку амаль няма. За гэты месяц я атрымаў 550 тысяч наяўнымі, астатняе — натуральнай аплатай. Пэўная сума аддаецца каўбасой, даецца спіс на краму, дзе выдаюць прадукты. Але няма асаблівай магчымасці траціць грошы. Хапае на нейкія дробныя рэчы, калі дадому прыязджаю.

На працы ў канторы ужо год няма электрычнасці, адключылі за даўгі. Таму калі прыходзім на працу, падключаем генератар. Ёсць два-тры пункты, па якіх можна прасіць пераразмеркавання. Але праблема — у сельскай гаспадарцы амаль паўсюль такая сітуацыя. Можна было б перабрацца бліжэй да Мінска, ці бліжэй да дома. Але па факце, там няма працоўных месцаў".

 

Пакой размеркаванага эканаміста

Штогод у Браслаўскі раён па размеркаванні прыязджаюць больш за сто спецыялістаў.

"Бывае, што плацяць частку заробка натурпрадуктамі, такое сустракаецца. Але вось размаўляла нядаўна з украінкай, якая тут працуе, дык яна кажа, што нядрэнна атрымліваць прадуктамі! У адукацыі 80% застаецца пасля размеркавання, у сельскай гаспадарцы — 50%. З'язджаюць, вядома. Але бывае, і гарадскія застаюцца", — апісваюць Еўрарадыё ў Браслаўскім райвыканкаме.

У 2015-м годзе пасля ўніверсітэта размеркаваліся дваццаць тысяч чалавек, паведамляе Белстат. З іх 18 тысяч даехалі да першага месца працы.

 

Размеркаваны ў калгас: Частку заробку даюць каўбасой, святло адключылі за даўгі

Размеркаванне: Марыш будаваць паркі, а працуеш камунальшчыкам у Крупках

Тры гісторыі жыцця да, падчас і пасля размеркавання. Пасля мараў аб азеляненні паркаў — “Новае Жыццё” ў Крупках за 3,5 мільёны на месяц.

Фота 1: ілюстратыўнае, zb-susu.ru. Іншыя фота - з архіву суразмоўцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі