Беларускі эксперт: Канфлікт з ЕС можа каштаваць Беларусі незалежнасці
Дыпламаты могуць вярнуцца ў Беларусь ужо пад восеньскія выбары.
“Для Беларусі гэта дрэнны сігнал. Па-першае, зараз у прынцыпе нельга будзе гаварыць пра шматвектарнасць палітыкі, якую наша дзяржава неяк дэкларавала. Па-другое, гэта ставіць пад пагрозу эканамічнае супрацоўніцтва. Хоць яно было і невялікае”, — каментуе Еўрарадыё новы канфлікт палітолаг Пётр Марцаў.
На яго думку, такое скандальнае пагаршэнне адносінаў Беларусі з Еўрасаюзам можа скончыцца катастрафічна. Марцаў нават прагназуе страту незалежнасці.
“Я думаю, што ў перспектыве гэта прывядзе адназначна да эканамічнага паглынання Беларусі Расіяй. Гэта ўжо дастаткова сур’ёзна і складана будзе гаварыць аб суверэннай і незалежнай Беларусі”.
Іншы погляд мае палітолаг Дзяніс Мельянцоў. Ён гаворыць, што Мінск не гатовы да сапраўднай эскалацыі канфлікту. А высылка амбасадараў ЕС і Польшчы — усяго толькі дыпламатычныя сваркі, якія не перарастуць у нешта больш важнае.
“Канфлікт застанецца ў плоскасці дыпламатычна-палітычнай. Таму што для Беларусі эканамічныя сувязі з Еўрасаюзам вельмі важныя. І таму афіцыйны Мінск не гатовы перакрочваць "чырвоную рысу" і пачынаць сапраўдны канфлікт”.
Пры гэтым Мельянцоў бачыць руку Масквы. Маўляў, Крэмль падгаворвае афіцыйны Мінск.
“Расійскае кіраўніцтва само не можа адкрыта канфліктаваць з Захадам. Яно канфліктуе, выкарыстоўваючы Лукашэнку. Накручвае вось гэтую сітуацыю. І калі ўлічыць пуцінскую баявую ваенную рыторыку, то можна злучыць гэтыя падзеі. І ўвогуле канфлікт Беларусі з Захадам, з ЕС выгадны ў прынцыпе толькі Расіі”.
Еўрарадыё звярнулася таксама да рэдактара дзяржаўнага часопіса “Беларуская думка” Вадзіма Гігіна. Палітолаг мяркуе, што адкліканне еўрапейскіх паслоў не больш як істэрычныя дзеянні Брусэля. І дэманструюць яны слабасць палітыкі Еўрасаюза адносна Беларусі.
“ЕС у тупіку. Не дарэмна Ежы Бузэк, былы кіраўнік парламента, калі сыходзіў з пасады, сказаў, што палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі — самае вялікае расчараванне. То бок усе гэтыя мэты, якія Еўрапейскі Саюз ставіў у дачыненні да Беларусі, яны поўнасцю праваленыя”.
На гэтым Вадзім Гігін не спыняецца і дадае, што ад’езд амбасадараў шкоды не нанясе, бо некаторыя з іх толькі перашкаджалі Еўрасаюзу праводзіць усходнюю палітыку.
“Беларусь з’яўляецца адной з ключавых краін у рэгіёне… Некаторыя з паслоў Еўрапейскага Саюза наносілі самому ЕС больш шкоды, чым карысці. Яны не былі дастаткова дасведчанымі і, на маю думку, сваімі нейкімі парадамі наносілі шкоду развіццю адносінаў паміж ЕС і Беларуссю”.
Калі прыедуць амбасадары ЕС у Беларусь, што для гэтага неабходна і ці вернуцца яны ўвогуле, дакладна сказаць ніхто не бярэцца. Дзяніс Мельянцоў, які ацэньвае канфлікт як выключна дыпламатычны, гаворыць, што яны могуць з’явіцца ў Беларусі ўжо пад восеньскія выбары. Мінск традыцыйна арганізуе перадвыбарчую “лібералізацыю” і зноў пачне гуляць у шматвектарнасць.
“Я думаю, што ў перспектыве гэта прывядзе адназначна да эканамічнага паглынання Беларусі Расіяй. Гэта ўжо дастаткова сур’ёзна і складана будзе гаварыць аб суверэннай і незалежнай Беларусі”.