"Футбалістам" БАТЭ можна стаць за 149 тысяч рублёў
А ў хакейнае “Дынама” вас “запішуць” яшчэ танней
Беларускія спартоўцы пакрысе засвойваюць адносна новы для нашай краіны рынак — фанацкі асяродак. Еўрарадыё зазірнула ў кішэню да піяршчыкаў футбольнага клубу БАТЭ і сталічнай хакейнай каманды “Дынама”
Працу з сувенірамі для сваіх фанатаў барысаўчане распачалі летась. Схема простая: прадукцыя амаль цалкам закупляецца ў Польшчы, Галандыі ды Нямеччыне, а затым ужо ў Беларусі на яе наносіцца лагатып клуба. Да прыкладу, сувенірныя майкі каштуюць 149 тысяч рублёў і нічым не адрозніваюцца ад гульнявых, запэўнівае Еўрарадыё маркетолаг БАТЭ Аляксандр Лапанік. Больш за тое, калі прозвішча ўлюбёнага футбаліста на кашулі не задавальняе, то можна надрукаваць там і сваё ўласнае.
Аляксандр Лапанік: “Ёсць улюбёнцы — напрыклад, той жа Скавыш, шмат хто яго любіць. Многія Стасевіча любяць, бо ён з Барысава. То бок сказаць, што тут нехта адзін — цяжка. Многія свае прозвішчы носяць на майках. А па гульцах — вось і Шытаў летась быў вельмі папулярны. Дзяўчаты, асабліва маладыя, цікавіліся яго майкамі. Зараз мы плануем такую больш пашыраную акцыю, каб у якім заўгодна шапіку “Аблсаюздруку” можна было прыйсці прынесці заяўку — і потым літаральна праз тыдзень табе прывозяць майку: які заўгодна памер, нумар ды прозвішча”.
Акрамя кашуль, сімволіку БАТЭ нанеслі на каляндарыкі, гадзіннікі, асадкі, запальнічкі ды футбольныя мячы. Ініцыятыва клубу барысаўскімі фанатамі была падтрыманая. І зараз у БАТЭ думаюць пра далейшыя заваёвы.
Аляксандр Лапанік: “За мінулы год мы выйшлі на акупляльнасць. Ну, а па аб’ёме калі арыентавацца, то недзе на 60 мільёнаў рублёў у нас абарачэнне было. У гэтым годзе ў нас пастаўленая задача кіраўніцтвам клубу павышэй. У прынцыпе, Барысаў у нас захоплены даволі добра — хацелася б і Мінск. Але ў Мінск цяжка прабіцца. Калі ў Барысаве ўсе дарогі адкрытыя, то ў сталіцы мы сутыкаемся з канкурэнцыяй, і не ўсе крамы бяруць атрыбутыку. Але ў плане пашырэння па гарадах, тут, напэўна, наўпрост залежыць ад поспехаў клубу на міжнароднай арэне”.
Відаць, поспехі сталічных хакеістаў з клубу “Дынама” таксама непасрэдна адбіліся і на поспехах піяршчыкаў каманды. Менеджэр “Дынама” Іван Цывінскі кажа, што яго барысаўскім калегам можна толькі марыць пра маштабы сувенірнай прадукцыі хакеістаў.
Іван Цывінскі: “Летась асабліва шмат атрыбутыкі і не было, як сёння. Але толькі на Матчы зорак КХЛ мы прадалі на 30% больш, чым БАТЭ прадаў за ўвесь сезон. А на звычайных хатніх гульнях у Палацы спорту сувеніры раскуплялі на 5 мільёнаў рублёў за матч”.
Дарэчы, у “Дынама” таксама можна замовіць і кашулю з уласным прозвішчам — усяго за 100 тысяч рублёў. Што ж да “зорных” кашуль, то найчасцей замаўляюць Андрэя Мезіна (яна абыдзецца ў 120 тысяч), а таксама Віллі Пелтанена ды Ханеса Хювенена. Сувенірныя кашулі аналагічныя гульнявым, адзінае адрозненне — у аматарскіх няма падкладкі, якую падшываюць, каб убіраць пот спартсмена.
Геаграфія вырабу “дынамаўскіх” сувеніраў таксама ўражвае. Напрыклад, швэдары вырабляюцца ў Расіі, а шалікі вязуць ажно з Турцыі. Калі-некалі падключаецца і айчынная прамысловасць. Дарэчы, дзеліцца планамі Іван Цывінскі, хутка з’явіцца і “фірмовая” мінеральная вада. Адначасова вядуцца перамовы і з айчыннымі вытворцамі малочных ды рыбных прадуктаў.
Іван Цывінскі: “Наконт мінеральнай вады мы ўжо дамовіліся. Наконт рыбных і малочных прадуктаў, адпаведна, мы вядзем перамовы. Што тычыцца сувенірнай прадукцыі, то ўжо з сярэдзіны сакавіка — напачатку красавіка яна з’явіцца ў сетцы крам. То бок там будуць “куткі фаната” — там будзе рэалізоўвацца ў сетцы крам, дзяржаўных і камерцыйных, прыватных”.
Філасофія фанатаў, тлумачаць рэкламшчыкі, адрозніваецца ад шараговых спажыўцоў: тут плацяць за тое, што любяць. А любові, як вядома, не страшны аніякі фінансавы крызіс.
Таксама чытай:
Усе майкі ды шалікі БАТЭ – пірацкія
Футбалісты БАТЭ паўдзельнічалі ў дабрачыннай акцыі
У мінскага "Дынама" будзе новы генеральны мэнэджар і стары галоўны трэнер?
Фота з http://fcbate.by/ і http://hcdinamo.by/