Самая малалікая акцыя маўклівага пратэсту (АНЛАЙН)

15.00. У Брэсце серада прайшла без "рэвалюцыi"

Традыцыйнай акцыi "мауклівага пратэсту" не адбылося

У прызначаны час на Цэнтральным кiрмашы сабралiся выключна супрацоунiкi праваахоўных органаў. Ужо за гадзiну да пачатку акцыi на ўсiх падыходах да кiрмашу стаяла па мiлiцэйскім аўтамабілі, вулiцу патрулявалi спецназауцы i людзi ў цывiльным. Сярод невялiкай колькасцi мiнакоў не было заўважана патэнцыйных пратэстоўцаў, чые б дзеяннi падпадалi пад фармат акцыi.

Ад пачатку правядзення кампанii "рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткi" гэта першая серада, якая у Брэсце прайшла без "маўчання".

14.10. У Слоніме ў акцыі пратэсту ўзялі ўдзел 3 чалавекі. Міліцыянты прысутнічалі, але нікога не затрымлівалі, інфармуе Радыё Свабода.

14.05. У Пінску на рынак прыйшла кіраўнічка аддзела ідэалогіі

Як стала вядома Еўрарадыё, на найбуйнейшым у Пінску "Калгасным рынку" сёння ніякіх заўважных дзеянняў "маўчуноў" не назіралася. Варта адзначыць, што з 13.00 на рынку знаходзіліся намеснікі начальніка пінскага ГАУС і кіраўнічка аддзела ідэалогіі мясцовага гарвыканкаму. Ці звязана гэта з "маўклівай акцыяй", невядома.

13.55. Еўрарадыё звязалася з адным з каардынатараў "Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі" Вячаславам Дзіянавым, але ён пакуль адмовіўся каментаваць вынікі акцыі на рынках.

13.52. Маўклівая акцыя пратэсту ў Магілёве скончана, інфармуе Радыё Свабода. Яна праходзіла на мясцовым Віленскім рынку. У ёй ўдзельнічала 10 чалавек. За імі назіралі 3 міліцыянты, прычым адзін з іх — палкоўнік.

13.46. Людзі разыходзяцца. Міліцыянты працягваюць заставацца на рынку і каля яго, верагодна, чакаючы, што "маўчуны" яшчэ неяк праявяць сябе.

13.28. Перад галоўным уваходам на Камароўскі рынак сабралося каля 20 чалавек, пераважна сталага ўзросту. Яны абмяркоўваюць палітычную сітуацыю, крытыкуюць уладу. Вакол іх сабраліся журналісты. Людзі ў цывільным здымаюць іх на відэакамеры.

13.15. У Магілёве на Віленскім рынку на маўклівую акцыю пратэсту прыйшлі каля дзясятка чалавек. З тэлефонаў некаторых зь чуецца песьня Віктара Цоя “Перамен”. Міліцыі ў форме на рынку няма. Зацікаўленасці акцыяй прадпрымальнікаў не заўважана, інфармуе Радыё Свабода.

13.13. Удзельнікаў акцыі не відаць. Гандляркі на Камароўскім рынку нават не чулі пра акцыю. Чалавек з рацыяй сказаў ахоўніку рынку не пускаць журналістаў з відэакамерамі, паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Андрэй Елісееў.

***

13.08. Камароўскі рынак у Мінску патрулююць "цывільныя" з рацыямі

Перад чарговай "маўклівай акцыяй" на Камароўскім рынку з'явілася шмат міліцыянтаў.

Па звестках БелаПАН, плошчу каля рынку патрулююць таксама людзі ў цывільным з рацыямі. За рынкам на вуліцы Кульман стаяць тры аўтобусы з людзьмі ў цывільным, дзяжурыць аўтамабіль "УАЗ". Уздоўж вуліц Кульман і Куйбышава прыкладна праз кожныя 10 метраў расстаўлены супрацоўнікі ДАІ.

Як паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Андрэй Елісееў, на самім рынку патрулююць спецназаўцы. Супрацоўнікі міліцыі здымаюць падзеі на відэакамеры. На месцы меркаванай "маўклівай акцыі" з'явіўся вядомы палкоўнік Ігар Яўсееў — адказны за падтрыманне грамадскага парадку ў сталіцы.

12.53 На закупы на Камароўку прыехаў Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан з двума амерыканскімі дыпламатамі, паведамляе Радыё "Свабода".

***

Фармат акцыі змяніўся кардынальна. Арганізатары “Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі” накіравалі людзей на самы вялікі прадуктовы рынак Мінска ў працоўны час. Паводле агучанага плану, людзі павінны выстройвацца ў чэргі ля закрытых гандлёвых кропак. У рэгіёнах “маўклівая рэвалюцыя” павінна прайсці таксама на рынках.

Нагадаем, што раней далучыцца да “маўклівых пратэстаў” заклікаў адзін з лідараў дробных прадпрымальнікаў Віктар Гарбачоў. Ён звярнуўся да гандляроў з просьбай зрабіць сераду выходным днём. Менавіта з гэтай ініцыятывай звязаная ідэя сабрацца на Камароўскім рынку.

Фота — Андрэй Елісееў, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі