Старшыня БХК: Мы павінны рабіць сваю праваабарончую працу ў любой сітуацыі
Міністэрства юстыцыі вынесла другое папярэджанне Беларускаму Хельсінкскаму камітэту. Падставай сталі юрыдычна спрэчыня прэтэнзіі падаткавікоў.
У эфіры Еўрарадыё - старшыня БХК Алег Гулак.
Еўрарадыё: Міністэрства юстыцыі вынесла другое сёлета пісьмовае папярэджанне Беларускаму Хельсінкскаму камітэту. Прэтэнзія ў тым, што шмат гадоў таму БХК атрымаў грант ад Еўракамісіі і, так бы мовіць, не падзяліўся грашыма з дзяржавай. Як так атрымалася?
Гулак: "Мы працавалі па Еўракамісіі, і ўмова гэтых грантаў - у прадастаўленні фінансавай дапамогі ў рамках тэхнічнай дапамогі ЕС прадстаўляецца на беспадатковай базе. З гэтых грошай не выплочваюцца ні падаткі, ні мыты, гэта вынікае наўпрост з Міжнароднай дамовы, якая падпісаная ўрадам з Еўракамісіяй. Але дзяржава змяніла сваё заканадаўства. Там дастаткова складаная тэхнічная справа, але мы маглі пераканаць суды, у тым што мы не павінны былі плаціць падаткаў з гэтай дзейнасці, з гэтых грошай. І толькі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 г., прэзідыум Вышэйшага гаспадарчага суда вырашыў усё ж наадварот. А да гэтага часу ўсе суды, пракуратуры пагаджаліся, што мы не павінны плаціць падаткаў".
Еўрарадыё: Справа не абмежавалася папярэжаннем?
Гулак: "Запазычанасць вісіць, нарастае, гэта ўжо 205 мільёнаў беларускіх рублёў. Нашыя рахункі блакаваныя, маёмасць канфіскаваная і ўзяць у нас больш няма чаго. А мы адкрытыя, мы нікуды не знікаем, мы не хаваем грошы, якія маглі б заплаціць, у нас іх проста няма".
Еўрарадыё: Калі вас закрыюць, БХК гатовы да працы ў партызанскіх умовах?
Гулак: "Ніхто не абавязаны нас закрываць. Больш за тое, я спадзяюся, у нашых дзяржаўных органаў хопіць розуму не пераходзіць за нейкія неразумныя межы. Мы ў любым выпадку настроеныя на тое, што павінны рабіць сваю праваабарончую працу ў любой сітуацыі".