Татальная MOBYлізацыя ў Мінску

Перад пачаткам канцэрта, сустракаючы сяброў і знаёмых на танцпляцы, мы абменьваліся меркаваннямі, якім жа ён будзе - "канцэртны" Мобі. Шмат хто нібыта папярэджваў, маўляў, ідучы на Мобі ці "загрузішся" ці выспішся. Насамрэч, варыянт аказаўся трэцім – Мобі прадстаў перад мінскімі гледачамі драйвовым і нават эйфарычным, а яго лайф-праграма – магутным месівам танцавальных бітаў і жорсткіх рэміксавых аранжыровак.

 

 

Мобі з’явіўся на сцэне знянацку - выбег з гітарай і пачаў свой сэт самай доўгай кампазіцыяй даўняга альбома "I Like To Score" (1997) - "God Moving Over The Face". Разам з Мобі на сцэне з’явіліся вакалістка Джой Малькальм і музыканты з каманды Мобі, якую, дарэчы, за выключэннем бубнача, складаюць адныя дзяўчаты.

 

 

Так Мобі разагрэў публіку амаль бесперапынным сэтам з трох інструментальных кампазіцый: "God moving", "In my heart" і новай "Sevastopol" – якая лёгка зачапілася за вуха "знаёмай" назвай.  Пасля гэтага музыкант вырашыў не цягнуць з хітамі і выканаў настальгічную "Go" ды летуценны "Natural Blues".

 

У нейкі момант Мобі выцягнуў фотаапарат і пачаў здымаць фанаў на танцпляцы. Пасля чаго звярнуўся да гледачоў з вітаннямі і прысвяціў нашай краіне адразу дзве кампазіцыі "Why Does My Heart Feel So Bad?" і "Porcelain".

"Наступную песню мы хацелі б прысвяціць гэтай прыгожай краіне - Беларусі і прыгожаму гораду Мінску"

За імі прагучалі хіты Мобі розных часоў – псіхдэлічная і заварожваючая "We Are All Made Of Stars", кранальная "The Day", пяшчотная "Slipping Away" ды "Beautiful" у рэміксе Benny Benassi, а зала Мінск-Арэны пакрысе пачала ператварацца ў вялікую бурлівую і вібруючую дыскатэку.

 

Людзі пачалі спускацца з трыбун, дзе ахова не дазваляла танчыць, на танцпляц,  бо чарговыя кампазіцыі Мобі ўсё больш і больш уцягвалі ў танцавальны настрой - не здарма Мобі адказны за клубную музыку  ўжо больш чым дзесяцігоддзе. Разбавіла гэты нон-стоп-сэт балада з апошняга альбома "Lie Down In Darkness".

 

Мобі заварожвае сваёй пазнавальнай усмешкай: усё такое сапраўднае і шчырае. Складалася ўражанне, што ў Мінск прыехаў не гуру электроннай сцэны, а просты дыджэй, галоўная  мэта якога – весяліць публіку.

 

Мобі ўвесь час лётаў па сцэне, быў заняты спецэфектамі і ігрой  то на электрагітары, то на бубнах. Амаль пасля кожнай кампазіцыі ён звяртаўся да гледачоў са словамі "сэнк ю, сэнк ю, сэнк ю", ці радзей "спасіба" і "дзякУй", чамусьці увесь час пакідаючы націск на апошні склад. Бліжэй да канца выступу Мобі папрасіў залу падняць рукі ўгару і зноў пафоткаў гледачоў -так бы мовіць, на памяць.

 

 

Зала Мінск-арэны ператварылася ў адну вялікую дыскатэку. Нават на трыбунах ахова больш не магла стрымліваць жадаючых патанчыць пад электронныя рытмы . Пасля асноўнага сэту Мобі зноў вярнуўся на сцэну і выканаў на біс хіт "Honey".

 

"Спачатку я хачу ў вас запытацца, ці ўсе вы ў добрым настроі і добра сябе адчуваеце? – звяртаецца Мобі са сцэны. – Калі так, працягваем нашу нядзельную вечарынку!"

 

Следам за ёю прагучаў, бадай, самы вядомы танцавальны хіт Мобі - "Lift me up", які музыкант абвясціў просьбай падняць рукі ды скакаць.

 

Магчыма, Мобі, якога несумненна можна назваць адным са стаўпоў сучаснай музычнай сцэны, такога выніку і чакаў. У зале засталіся цалкам задаволеныя людзі, якія яшчэ доўга апладзіравалі, тым самым выклікаўшы Мобі на яшчэ адзін біс. Такі вось Мобі-эфект – стоадсоткавае зліццё музыкі і людзей.

 

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі