"Забаронены" Вольскі загучаў на АНТ
А цяпер, магчыма, загучыць і ў судзе па справе аб парушэнні аўтарскіх правоў
У нядзельных "Контурах" выкарысталі кавалак песні Лявона Вольскага "Сонца нам дапаможа" да вакальнага ўступу даўжынёй у 32 секунды. Па словах музыкі, супрацоўнікі канала да яго не звярталіся і песня выйшла ў эфіры без дазволу.
"Гэта неяк дзіўнавата. Можа быць, яны так хацелі мне адпомсціць за тое, што я сказаў, што лепей чытаць літаратуру, а не глядзець тэлевізар?" – жартуе Лявон.
Песня "Сонца нам дапаможа" з праекта "Я нарадзіўся тут" гучыць з 22 па 54 секунду. Цікава, што кампазіцыя гучыць зусім не да месца. Магчыма, гэта намёк?
Правы на песню абароненыя, і выкарыстанне нават гэтага кавалка мусіла быць абгаворана з аўтарам.
"Звычайна, калі выкарыстоўваюць нейкія музычныя кавалкі ў эфіры, абавязкова тэлефануюць, і заўжды абмяркоўваюць выкарыстанне, – каментуе сітуацыю Вольскі. – А гэта ж такое звычайнае свінства!"
Той жа Лявон і раней сутыкаўся з выкарыстоўваннем сваіх твораў у розных праграмах тэлебачання, але, па словах музыкі, не так нахабна.
"Такіх нахабных выпадкаў раней не было – каб проста ўзялі кавалак і ўставілі ў такі ідэялагічна-атрутны матэрыял, – кажа Лявон. – Былі такія, калі можна было не зважыць. Напрыклад, калі на БТ ці АНТ выходзіла якая-нібудзь кулінарная ці "калягістарычная" перадача, дзе напрыканцы гучыць "Госці-госці". Але там не было такой ідэалагічнай кіслотнасці, мы, параіўшыся, падумалі, што ладна, не будзем зважаць. Гэта аўтарская песня. І ёсць аўтар тэкста і музыкі, якім я з’яўляюся. Было неразумна ім не спраўдзіць, хаця б гэта".
Тое, што канал парушыў правы Лявона Вольскага, Еўрарадыё пацвярджаюць і ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай маёмасці. Прадстаўнік цэнтра Аляксей Бічурын раіць музыканту звярнуцца да юрыста. Тым больш, што закон дае даволі вялікі спектр магчымых дзеянняў, якія зараз могуць быць прадпрынятыя музыкам:
"Пачынаючы ад проста патрабавання, спыніць такога кшталту дзеянні, і заканчваючы патрабаваннем аб кампенсацыі нейкіх выдаткаў, якія ў гэтай сувязі музыкант панёс. А таксама музыкант мае права патрабаваць публічнай заявы пра тое, што ягоны твор быў выкарыстаны незаконна, і каб у яго папрасілі прабачэння ў публічным парадку. Ёсць і аспект маральнай шкоды, калі ён меў месца быць, - маральныя пакуты, якія аўтар перанёс у гэтай сувязі", – тлумачыць Аляксей Бічурын.
Лявон можа спагнаць з тэлеканала ад 10 да 50 тысяч базавых велічынь. На практыцы, кажа Аляксей Бічурын, часцей за ўсё гэта лічба складае 10 базавых велічынь за адзін выпадак выкарыстання – то бок 350 тысяч рублёў.
"Падача заявы будзе каштаваць каля 1.200.000, – распавялі Еўрарадыё ў спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі па аўтарскіх правах №4 г.Мінска. – А ў судзе ўжо вы будзеце думаць, ці патрэбная вам наша дапамога. І калі яна будзе патрэбная, далей будзем вырашаць сыходзячы з іскавой заявы, што прыкладна трэба рабіць па справе і аб’ёме працы і часу".
Атрымліваецца, што, каб абараніць правы, трэба патраціць суму, якая амаль у чатыры разы большая за кампенсацыю.
"Менавіта таму, што гэты працэс такі доўгі, дарагі і трудазатратны, нямногія музыканты даводзяць скаргу да суда, – згаджаецца прадстаўнік Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай маёмасці. - Гэтым і карыстаюцца парушальнікі закону аб аўтарскім праве".
Зараз Лявон Вольскі думае над тым, каб падаць заяву аб парушэнні аўтарскіх правоў у суд.