"Сашко Білы" распавёў Махно, чаму біў пракурора і не едзе ў Крым (відэа)
Кіраўнік "Правага сектару" ў Заходняй Украіне, нягледзячы на свае ўчынкі, застаецца на волі.
Відэа з прыходам "Сашко Білага" (Аляксандра Музычкі) з аўтаматам на паседжанне прэзідыума абласной рады ў Роўна ды збіццё пракурора ўжо пабачылі мільёны.
Пры гэтым міліцыя ніякага супраціўлення не аказвае. Дэпутат Вярхоўнай Рады ад "Бацькаўшчыны" Генадзь Маскаль звярнуўся да сілавікоў ды патрабуе пакласці канец "дзейнасці" ў Ровенскай вобласці згаданага нацыяналіста. Паводле Маскаля, ён, нібыта, займаецца вымагальніцтвам грошай у чыноўнікаў для развіцця "Правага сектару" і патрэбаў Майдана, адбірае ў прадпрымальнікаў аўтамабілі. Аргументуе гэтыя дзеянні "патрэбамі рэвалюцыі". Больш падрабязна пра "трафеі" Музычкі гл. тут. Яму ўжо перадалі базу "Беркута" ў Роўна.
"Сашко Білы" заявіў, што ён супраць "махноўшчыны"
У гутарцы з журналісткай тэлеканала ZIK Ганнай Махно, "Сашко Білы" распавёў, што "Правы сектар" выступае за адзіную ўкраінскую дэмакратычную дзяржаву і "зробіць усё, каб Крым застаўся ўкраінскім". Ён заявіў, што аддзелы руху прыведзеныя ў баявую гатоўнасць у сувязі з сітуацыяй ў Крыме.
"Я кіраваў рознымі аддзеламі, ваяваў з рознымі людзьмі, — шчыруе "Сашко Білы". — Але ваяваць у адкрытым полі з аўтаматам Калашнікава і пісталетам супраць танкаў і самалётаў — гэта неразумна. Мы можам кінуць пару тысяч байцоў і ўсе загінуць там".
Таму, кажа нацыяналіст, "Правы сектар" падтрымлівае ўкраінскую ўладу ў яе намаганні вырашыць канфлікт мірным шляхам ды зоймецца фармаваннем Нацыянальнай гвардыі з добраахвотнікаў, якія маюць вайсковы досвед.
Махно спытала ў "Сашко Білага" пра скандальную гісторыю, калі "пад яго гарачую руку патрапіў ровенскі пракурор": Чаму вы сябе зноў так агрэсіўна паводзілі?
"Я зрабіў адно няправільна: прыйшоў туды са сваімі хлопцамі, — расказвае "Сашко Білы". — Каля будынка (а там побач — пракуратура і міліцыя) сабралося каля сотні людзей. Людзі прыйшлі штурмаваць міліцыю, думалі, што міліцыя не спраўляецца са сваімі абавязкамі. Я шкадую, што народ не парваў на кавалкі... Трэба было пастаяць збоку, папіць кавы, паглядзець, як народ паліць раённую пракуратуру і размаўляе з тым пракурорам. І тады ніхто б не сказаў, што я злы і кепскі, а ўсе пабачылі б народны гнеў".
Таксама нацыяналіст расказаў, што яго байцы ловяць, караюць і здаюць у міліцыю хуліганаў, якія прадстаўляюцца "Правым сектарам".