Што аб’ядноўвае Навальнага і Лукашэнку

“Добра. Вы тут не сумуйце без мяне. А галоўнае — не гультайнічайце, жаба сама сябе з нафтавай трубы не скіне”, — гэта апошні на дадзены момант допіс Аляксея Навальнага ў Твітары.

Новы з’явіцца не хутка. 18 ліпеня суд расійскага горада Кірава прызнаў вядомага апазіцыянера і блогера Навальнага вінаватым у махлярстве ў буйных памерах і асудзіў на 5 гадоў калоніі. Усяго за дзень да прысуду Аляксей Навальны быў афіцыйна зарэгістраваны кандыдатам на выбарах у мэры Масквы. Палітолаг Аляксей Пікулік мяркуе, што ўдзел у выбарах мае свой уплыў на прысуд.

“Думаю, што Крэмль не захацеў гуляць з Навальным у гульні на выбарах мэра Масквы. Прысуд сведчыць пра гэта. Сабянін не рызыкнуў цягацца з Навальным, яму трэба безумоўна перамагаць у першым туры”.

Палітолаг мяркуе, што дзейнасць Навальнага значна адрозніваецца ад таго, як працуе апазіцыя ў беларускіх умовах. Калі ў нас склалася сістэма партый, то Навальны ў Расіі для арганізацыі грамадзян напоўніцу выкарыстаў магчымасці інтэрнэта.

Як бы дзіўна тое ні гучала, але пэўныя паралелі можна правесці паміж Аляксеем Навальным і… Аляксандрам Лукашэнкам. Абодва палітыкі выйшлі з ценю актыўна выкарыстоўваючы антыкарупцыйныя лозунгі. Аляксей Пікулік лічыць, што нягледзячы на некаторае падабенства ў стратэгіі, у Лукашэнкі і Навальнага ёсць і значныя адрозненні. Перадусім — у мэтавай аўдыторыі.

“Барацьба з карупцыяй, гэта вядома, барацьба з карупцыяй. Але Навальны разлічвае на зусім іншую аўдыторыю. На сярэдні клас перадусім. Яго мэтавая аўдыторыя — высокааплатны сярэдні клас. Масква, Пецярбург. Той сярэдні клас, які ў Расіі склаўся за доўгі час”.

Ці правільны быў разлік, мы ўжо не даведаемся. Прысуд пазбаўляе Аляксея Навальнага права на ўдзел у любых выбарах у Расіі. Масавыя акцыі пратэсту, запланаваныя на вечар 18 ліпеня ў больш чым дзесяці расійскіх гарадах, на сітуацыю наўрад ці паўплываюць.

Аляксей Навальны – расійскі палітычны і грамадскі дзеяч, юрыст, былы член савета дырэктараў кампаніі “Аэрафлот”. Аўтар аднаго з самых рэйтынгавых грамадска-палітычных блогаў у “Жывым Журнале”. Навальны набыў вядомасць сваёй барацьбе з карупцыяй у Расіі, стварыў антыкарупцыйны праект “Распіл”, праект “РасЯма”, “РасЖКГ”.

18 ліпеня 2013 года Ленінскі раённы суд горада Кірава прызнаў Аляксея Навальнага вінаватым у крадзяжы маёмасці дзяржаўнай кампаніі “Кіраўлес” і прысудзіў да пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Фота: EPA

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі