"Што я адчуваю? Ніякага трыумфу. Добры настрой, што недарэмна старалася"

"Што я адчуваю? Ніякага трыумфу. Добры настрой, што недарэмна старалася"

Анастасія Пракапенка на Алімпіядзе ў Пекіне была чацвёртай у сучасным пяцібор'і (фехтаванне, канкур, плаванне, бег на вялікія дыстанцыі і стральба з пісталета). Праз восем гадоў у тэстах бронзавай прызёркі украінкі Вікторыі Церашчук знаходзяць допінг і дыскваліфікуюць. Беларуска ― трэцяя, медаль павінны уручыць ёй.

"Ну, што я адчуваю... Лыжка была б добрай да абеду. Добра было б адчуць сябе на п'едэстале там, падчас свята. А постфактум... Ну, прыемна. Медаль знайшоў героя", ― расказвае Еўрарадыё Анастасія.

Ці атрымае Пракапенка разам з алімпійскім медалём і грашовую прэмію, якую ўручаюць усім беларускім алімпійцам, якія ўздымаюцца на п'едэстал? У 2008 годзе за бронзу давалі 30 тысяч долараў.

Муж Анастасіі Міхаіл цяпер займае пасаду намесніка старшыні Федэрацыі сучаснага пяцібор'я. Ён кажа, што да уручэння медаля беларусцы яшчэ далёка. "Літаральна ўчора, 1 сакавіка, мы атрымалі паведамленне ад Міжнароднай федэрацыі сучаснага пяцібор'я пра тое, што рашэнне аб дыскваліфікацыі украінкі набыло моц. Цяпер ва украінскай федэрацыі ёсць 21 дзень, каб падаць апеляцыю ў спартыўны арбітражны суд у Лазану. Калі яна гэтым правам скарыстаецца, то невядома, на колькі зацягнецца судовае разбіральніцтва. Хаця гэта каштуе грошай, і не факт, што украінка гэтым правам скарыстаецца. Калі усё застанецца так, як ёсць цяпер, то Міжнародны алімпійскі камітэт будзе вырашаць, ці перадаваць медаль Анастасіі. Перад гэтым, вядома, будуць вывучаць і яе допінг-пробы. Мы гэтага не баімся. Але віншаваць можна будзе, калі МАК прыме рашэнне перадаць медаль нам", ― кажа Міхаіл Пракапенка.

З прэміяльнымі сітуацыя таксама няпростая. Адназначнага адказу на гэтае пытанне ў намесніка кіраўніка федэрацыі няма: "Гэта ўсё ў руках кіраўніцтва спартыўнай галіны, напэўна. Калі яны палічаць патрэбным, то тады нейкія бонусы, напэўна, будуць. Калі не, то не".

"Цяпер ніякага трыумфу. Ёсць добры настрой, што вось, не дарэмна старалася, столькі гадоў патраціла на падрыхтоўку. Выступаю яшчэ, рыхтуюся да Токіа. Рыхтуюся да наступнай Алімпіяды... Дагэтуль я займала прызавыя месцы на этапах Кубка свету. Бронза і срэбра былі на чэмпіянаце Еўропы. Але гэты медаль больш прэстыжны. Алімпіяда!" ― кажа Анастасія.

Што будзе далей, як уручаць медаль? "Не ведаю. Верагодна, праз наш Алімпійскі камітэт. Магчыма, зладзяць нейкую цырымонію. Калі яшчэ будзе такое, дай бог", ― сціпла адказвае спартсменка.

На пытанне Еўрарадыё аб выплаце Анастасіі Пракапенка прэміяльных у прэс-службе Мінспорту адказалі коратка: "Мы такога не практыкуем". І дадалі, што ў гісторыі беларускага спорту ўжо былі выпадкі, калі нашы алімпійцы "перамяшчаліся" па п'едэстале не ступеньку вышэй праз некалькі гадоў пасля Алімпіяды. У тых выпадках іх прэміяльныя не павялічваліся.

Не забіраюць прэміяльныя ў беларускіх алімпійцаў, у якіх знайшлі допінг і забралі медаль.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі