Шубель: жорсткасць беларускіх сілавікоў не павінна застацца беспакаранай

Шубель: жорсткасць беларускіх сілавікоў не павінна застацца беспакаранай

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель у інтэрв'ю БелаПАН выказаўся пра ініцыятыву каманды Святланы Ціханоўскай прызнаць ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі. Паводле яго слоў, на ўзроўні Еўрасаюза гэта зрабіць немагчыма. Як структуры, якія прадстаўляюць дзяржаву, яны не адпавядаюць азначэнню тэрарыстычнай арганізацыі, якая падлягае ўключэнню ў так званы Еўрапейскі спіс тэрарыстаў, кажа Шубель. Ён нагадвае, што некаторыя беларускія сілавікі трапілі ў еўрапейскі "чорны спіс".

У ЕС "у поўнай меры дасведчаныя аб жорсткасці некаторых беларускіх праваахоўных структур", заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейкага саюза. "Ужыванне імі празмернай сілы, сексуальнага гвалту, катаванняў і ў некаторых выпадках жорсткасці, якая прывяла да смерці мірных дэманстрантаў, шырока задакументаванае, — кажа Дзірк Шубель. — ...Такія злачынствы не павінны заставацца непакаранымі, мы асуджаем іх і рашуча падтрымліваем заклік прыцягнуць вінаватых да адказнасці".

Але як гэта можа быць зроблена, бо вядома, што ў Беларусі дагэтуль не распачата ніводнай крымінальнай справы супраць сілавікоў за тое ж "перавышэнне службовых паўнамоцтваў"? Гэта можа быць зроблена, у прыватнасці, у рамках Савета ААН па правах чалавека, мяркуе Шубель. "ЕС працуе над тым, каб сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі займала важнае месца ў парадку дня на ўсіх асноўных шматбаковых форумах па правах чалавека", — падкрэсліў дыпламат.

Варта таксама нагадаць, што летась у Літве пачалі расследаваць злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі. Першая справа — мінчука Максіма Харошына, збітага сілавікамі, і вымушанага з сям'ёй з'ехаць за мяжу. Генпракуратура нашай краіны назвала літоўскае расследаванне ўмяшаннем ва ўнутраныя справы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі