Шумчанка: Некалькі валютных курсаў не ўратуюць малы бізнэс
Нават калі Нацбанк легалізуе “ценявы” курс рубля і забяспечыць валютай па гэтым курсе міжбанкаўскі рынак, гэта не ўратуе індывідуальных прадпрымальнікаў.
Па словах старшыні грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоля Шумчанкі, набываць валюту на біржы будуць мець права толькі юрыдычныя асобы.
Прадпрымальнікі ж — асобы фізічныя, набываць валюту яны могуць толькі ў абменніках. А іх “легалізацыя” не закранае: курс у пунктах абмену валют захаваецца ў раёне 3100 рублёў за долар — акурат такі, па якім сёння здаваць амерыканскія грошы ніхто не хоча.
Анатоль Шумчанка: “Я прагназую, што праблемы з валютай не вырашацца ў бліжэйшы месяц, як мінімум. І прадпрымальнікам будзе вельмі цяжка. Бо ім давядзецца недзе адшукваць валюту. І я не выключаю стварэння нейкага “ценявога” рынку валютнага ў бліжэйшы час. Хто ў яго будзе ўцягнуты? Найперш, суб’екты гаспадарання. Прычым вельмі рознага ўзроўню”.
І нават чаканы расійскі крэдыт памерам у 3 мільярды долараў, лічыць Шумчанка, не ўратуе сітуацыю. Найперш з-за таго, што, паводле афіцыйных звестак, “вырашаць пытанні з ім” будуць цягам месяца. Да таго ж, кажа, яго наўрад ці дадуць цалкам — могуць выдаваць траншамі.
Наконт магчымай дэвальвацыі Шумчанка сцвярджае, што de facto яна ўжо адбылася! Кошты на прадукты харчавання ды іншыя тавары выраслі: гандляры курс ужо “пералічылі”. Згодна са словамі эксперта, улады зараз могуць правесці “вымушаную” дэвальвацыю, абвінаваціўшы ў яе правядзенні прадпрымальнікаў.
Анатоль Шумчанка: “Я не выключаю такога варыянту падзей, калі ўсё будзе абстаўлена такім чынам, што будзе ўсё звалена на прадпрымальнікаў — дробных, сярэдніх, буйных. Маўляў: “Паглядзіце, мы курс трымалі, а яны дэвальвацыю зрабілі, яны ўсё пералічылі, гэта яны ўсё абвалілі!”. Але ўсе цэннікі на харчаванне ды іншыя тавары пералічваюцца ў гіпермаркетах і крамах. А менавіта прадпрымальнікі не “лупяць” такіх цэн. Яны пераліваюць на 3300, максімум — па 3500”.
І працуюць, кажа, у большасці сабе ў страту. У той час, калі тыя ж гіпермаркеты робяць пералік па 3700 і вышэй. А менавіта яны, кажа Шумчанка, вельмі цесна звязаныя з дзяржавай.