Шумчанка: Памяншэнне штрафаў для ІП — не выхад з сітуацыі
З 23 жніўня зніжаюцца штрафы для прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў за гандаль таварамі без сертыфікатаў адпаведнасці. Цяпер замест 200% ад кошту рэалізаванай прадукцыі без сертыфіката ў казну давядзецца заплаціць 100%. Калі ж кошт прададзенага тавару немагчыма вызначыць, то штраф для ІП абмяжуецца 300 базавымі велічынямі (на сёння гэта 6300 дэнамінаваных рублёў), а для прадпрыемстваў — 500 базавых (10500 рублёў). Раней ІП мусілі плаціць 500 базавых. Ці задавольваюць такія змены прадпрымальнікаў?
“Мы лічылі і працягваем лічыць, што адказнасць мусіць несці вытворца ці буйны імпарцёр-аптавік, які займаецца пастаўкамі тавараў у вялікіх маштабах, — каментуе новаўвядзенні лідар грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка. — ІП, які працуе ў рознічным гандлі, адказнасць несці не мусіць, ён не мусіць быць апошнім у гэтым ланцугу! А змяншэнне штрафаў прынцыповага значэння не мае, бо з улікам сённяшняга гандлю, гэтыя штрафы ўсё роўна застаюцца непад’ёмнымі. І незалежна ад таго, ёсць у нас сертыфікаты ці не, нам усё роўна могуць забараніць рэалізоўваць тавар”.
У якасці прыкладу Анатоль узгадвае нядаўнюю сітуацыю, калі аднаму іпэшніку забаранілі гандляваць таварам, на які быў расійскі сертыфікат з усімі пячаткамі, адпаведнымі тэхнічным рэгламентам і законам Мытнага саюза.
“Нашы сертыфікацыйныя органы ўзялі тавар “на пробу” і сказалі, што ён непрыдатны, — распавядае Анатоль Шумчанка. — Нават маючы ўсе дакументы, выдадзеныя ў Расіі па ўсіх правілах Мытнага саюза, прадпрымальнікі не могуць быць перакананыя ў тым, што заяўленыя ў сертыфікаце характарыстыкі адпавядаюць рэчаіснасці. І за ўсе гэтыя нестыкоўкі яны будуць адказваць самастойна. Проста наша дзяржава набудавала лабараторый і цяпер робіць усё, каб беларускі бізнес пачаў іх акупляць. І вось тут узнікае пытанне: дык навошта нам гэты Мытны саюз і ўсе гэтыя законы, якія яны там прыдумляюць, калі расійскія паперы ўсё роўна нашымі органамі пераправяраюцца?”
Новы закон таксама прадугледжвае адказнасць за непраўдзівую ацэнку вынікаў даследаванняў тавараў у лабараторыях. Штраф за гэта правапарушэнне — ад 20 до 50 базавых (420-1050 рублёў). Дарэчы, караць цяпер будуць і за ўвоз прадукцыі, якая не адпавядае патрабаванням тэхрэгламентаў Мытнага саюза ды ЕАЭС, калі пастаўляецца яна ў мэтах камерцыйнага распаўсюджвання.
З 23 жніўня разглядаць справы па адміністрацыйных правапарушэннях у сферы сертыфікацыі змогуць старшыня Дзяржстандарта і яго намеснікі, кіраўнікі інспекцый дзяржнагляду за выкананнем патрабаванняў тэхрэгламентаў і стандартаў і дзяржаўнага метралагічнага нагляду а таксама іх першыя намеснікі.