Спартыўны тэлеканал запусцілі, але толькі для “прасунутых” мінчан

Наш першы спартыўны тэлеканал з’явіўся ў эфіры 21 кастрычніка ― праз “Космас-ТБ”. Гэты кабельны аператар функцыянуе ў Мінску і ахоплівае каля 450 тысяч кватэр. Але прасякнуцца эфірамі “Беларусь-5” змаглі нават не ўсе абаненты “Космас ТБ”.

Канал ― лічбавы, і для яго прагляду патрэбныя кам-модулі ці спецыяльныя прыёмнікі. Каштуе месячнае карыстанне такім сучасным тэлебачаннем прыкладна каля 50 тысяч рублёў. Прасцей кажучы, у кожнай вясковай хаце дзяржаўны спартыўны тэлеканал не паглядзіш.

“Тэлеканалы “Беларусь-1”, “Беларусь-2”, “Беларусь-3”, “АНТ” уваходзяць у агульнасацыяльны пакет. “Беларусь-5” у яго уваходзіць не будзе”, ― тлумачыць Павел Булацкі, кіраўнік спартыўнага тэлеканала.

Еўрарадыё: Ніколі? Нават такіх планаў на будучыню няма?

Павел Булацкі: “Ніколі не кажы “ніколі”. Але пакуль не плануем”.

Еўрарадыё: Асабіста мы пакуль не можам паглядзець трансляцыі нават па кабельнай сетцы “Космас ТБ”. Канал лічбавы, і неабходна мець адпаведныя прыстаўкі.

Павел Булацкі: “Тут сітуацыя такая: у лістападзе мы плануем увайсці ва ўсе сеткі кабельных аператараў. У нас ёсць даручэнне прэзідэнта да Новага года гэта зрабіць. Ужо цяпер нас людзі глядзяць. І з кожным днём іх будзе больш і больш”.

Тым не менш, факт, што “Беларусь-5” можа глядзець у лепшым выпадку пара соцень тысяч чалавек з усёй краіны, здзіўляе. Не ідзе спартыўны тэлеканал нават на экранах абанентаў дзяржаўнага аператара ZALA. Тут ужо, здавалася б, адміністратыўны рэсурс мог паскорыць працэс падпісання дамоваў у разы.

Тым часам па “Беларусь-5” ужо паказваюць футбол, хакей, тэніс, гандбол і валейбол. А таксама раскручаныя раней на іншых дзяржаўных тэлеканалах праграмы ― “Фактар сілы”, “Авертайм”, “Час футбола” і іншыя.

“Кіраўніцтва ставіць мэту паказваць усё найлепшае, што ёсць у беларускім спорце, ― кажа Святлана Смалонская-Краскоўская, прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі. ― Прыярытэт ― гэта выкарыстанне эксклюзіўнага спартыўнага кантэнту. Асноўныя фарматы ― гэта жывыя трансляцыі, навіны спорту і аналітыка”.

Каментатары на “Беларусь-5” збольшага знаёмыя. Раней гучалі заявы, што на новым тэлеканале пашырыцца мода на беларускую мову. Футбольны эксперт Мікалай Хадасевіч прыводзіць у прыклад Паўла Баранава і Дзмітрыя Герчыкава, якія ўжо спрабавалі весці жывыя эфіры на роднай мове.

Гэта ўспрымалася аўдыторыяй тэлеканала “Беларусь-2”, дзе былі гэтыя трансляцыі, не тое што добра, а вельмі станоўча. Ёсць другі момант ― ці гатовыя падхапіць гэтую ініцыятыву іншы каментатары. Для гэтага патрабуецца шмат падрыхтоўкі, часу і ўнутранай арганізацыі, ― разважае Мікалай Хадасевіч, і робіць нечаканую выснову. ― За калег адказваць не буду, але ў перспектыве, што тычыцца мяне, лічу неабходным перайсці на беларускую мову. Большая канцэнтрацыя працы гэтаму паспрыяе”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі