Спікер Каардынацыйнай рады: “Прыходзьце і здавайцеся — гэта не перамоўны працэс”
“Першыя перамовы, дзе могуць абмяркоўвацца ўнутрыбеларускія пытанні, — перамовы па пасляваенным урэгуляванні сітуацыі ў рэгіёне" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Пасляваенныя перамовы — гэта найбліжэйшая пляцоўка, на якой можа быць узнятае беларускае пытанне. І рэфармаваная Каардынацыйная рада плануе працаваць дзеля таго, каб голас дэмсілаў быў на гэтай пляцоўцы пачуты.
— Перспектыва перамоў з беларускім рэжымам увогуле цьмяная, калі мы не бяром да ўвагі фактар Украіны. Першымі перамовамі, дзе могуць абмяркоўвацца ўнутрыбеларускія пытанні з нашым удзелам, будуць перамовы па пасляваенным урэгуляванні сітуацыі ў рэгіёне. Там узнімецца і пытанне Беларусі.
І гэтае пытанне можа вырашацца без самой Беларусі, з Беларуссю, прадстаўленай Лукашэнкам, ці з Беларуссю, прадстаўленай Лукашэнкам і намі. Калі гэтыя перамовы пачнуцца заўтра, нас там не будзе. А мы мусім там быць, — кажа абраны спікер абноўленай Каардынацыйнай Рады Андрэй Ягораў.
Ягораў падкрэслівае: калі гаворка ідзе пра перамовы, не трэба ўяўляць сустрэчу абстрактнага функцыянера рэжыму Лукашэнкі і прадстаўніка дэмсілаў. І прапанова беларускіх уладаў “прыехаць і пакаяцца” не мае нічога агульнага з перамовамі, дадае ён. Але як павінен выглядаць, на яго погляд, гэты перамоўны працэс?
— Я б адштурхоўваўся ад таго, што казаў Алесь Бяляцкі. Мы мусім скончыць грамадзянскую вайну ў краіне. Мы мусім рухацца да нацыянальнага прымірэння. У гэтым вялікі маральны пафас з боку Алеся Бяляцкага. І гэтыя словы адрасаваныя не толькі рэжыму, але і нам. А мы знаходзімся ў такім стане, калі на нашым баку, на мой погляд, мала што падрыхтаванае да такіх перамоў.
Давайце вымяраць гэта [нашу падрыхтоўку. — Еўрарадыё] сітуацыяй магчымых перамоў пасля вайны. Ці зможам мы трапіць туды? Ці запросіць нас туды Украіна? Ці будзе настойваць на нашым запрашэнні Захад? Мне падаецца, пакуль не. А чаму “не”? Таму што штосьці не так з самімі намі. Таму мы мусім гэта зразумець, паставіць задачу — і вырашыць яе.
Тады гэта наблізіць нас да сітуацыі магчымых перамоў па вырашэнні крызіса. Зараз мы не можам весці перамоў, бо ні мы не падрыхтаваны, ні сітуацыя. Перамовы не могуць быць тым, што здае нашыя пазіцыі. Бо як яны прапаноўваюць? "Прыязджайце, пакайцеся, запішыцеся ў БРСМ — і будзе вам шчасце". Гэта не пра перамовы.
Да таго ж, вызваленне палітвязняў і палітычныя перамовы з рэжымам для ўрэгулявання палітычнага крызісу — гэта два розныя пытанні, кажа Ягораў.
— Калі мы іх аб’ядноўваем у пакет, шмат што падаецца невыканальным. Ці можа быць выкананае “толькі тады, калі беларускі рэжым саступіць уладу”. Калі мы ўсё перадавяраем рэжыму. А праца па вызваленні палітвязняў мае пад сабою дыпламатычныя высілкі, гуманітарны аспект, якія наўпрост не звязаныя з вырашэннем палітычнага крызісу ў Беларусі.
А ці мае права Каардынацыйная рада праводзіць перамовы? Ягораў нагадаў, што ўласна для гэтага яна і была створаная.
— Каардынацыйная рада атрымала мандат ад Святланы Ціханоўскай на вядзенне такіх перамоў па вырашэнні палітычнага крызісу і ў пэўным сэнсе захоўвае сваю дзейнасць. Але цяпер КР — не адзіны суб’ект, які сёння рэпрезентуе дэмакратычныя сілы. Шмат што змянілася, сама сітуацыя моцна змянілася. У перспектыве перамоўная група будзе фармавацца агульным рашэннем розных структур, тых, якія будуць займаць лідарскія пазіцыі і кантраляваць важныя аспекты жыцця ў самой Беларусі.
Поўную версію размовы глядзіце на Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.