Стронцый у дзіцячым харчаванні: Мытны саюз дазволіў перавышэнне ў 13 разоў

Раней, паводле беларускіх законаў, утрыманне стронцыю-90 у малацэ не магло перавышаць 3,7 бекерэля на кілаграм. Як даведалася Еўрарадыё, паводле новага тэхрэгламенту Мытнага саюза, дазваляецца ўжо… 20 бк/кг. Адбылося больш як пяціразовае паслабленне нормы.

Дагэтуль у дзіцячым харчаванні дазвалялася наяўнасць не больш як 1,85 бк/кг. А паводле новых нарматываў Мытнага саюзу можа быць 25 бк/кг (паслабленне больш як у 13 разоў). І гэта для такога прадукту! Як вядома, стронцый вельмі хутка накопліваецца менавіта ў дзіцячым арганізме, калі фармуецца косная тканка.

Такія “ліберальныя” змены дазволіў тэхрэгламент Мытнага саюза №880, які набыў моц з 1 ліпеня гэтага года. Праблема тычыцца выключна стронцыю. Нормы па цэзіі-137 прыкладна такія ж, як у нас.

Еўрарадыё сутыкнулася з гэтай праблемай яшчэ ўвесну. Пасля выхаду рэпартажу пра стронцый у бульбе, купленай у жыхаркі Валожынскага раёна, мы яшчэ раз пераправерылі харчовыя прадукты у розных лабараторыях. Даследаванні малака, тапінамбура і шчаўя паказалі радыяцыйную чысціню. А вось у бульбе з Валожынскага раёна Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выявіў канцэнтрацыю стронцыю да 22,27 бк/кг. Паводле рэспубліканскіх нормаў 1999 года, якія не адменены,  гэта шасціразовае перавышэнне. Але лабараторыя, спаслаўшыся на заканадаўства Мытнага саюза, трактавала гэту лічбу як норму.

Чаму нормы Мытнага саюзу і нормы беларускія ў плане радыяцыі так адрозніваюцца? Яшчэ ў траўні гэтага года мы звярнуліся з пытаннем у Дэпартамент  па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

“Беларусь, Расія і Казахстан у межах Мытнага саюзу дамовіліся карыстацца адзінымі патрабаваннямі. Частку з іх рыхтаваў адзін бок, частку другі, частку ― трэці. І кожны бок кіраваўся той сітуацыяй, якая ёсць у яго краіне, ― апісвае сітуацыю Дзмітрый Паўлаў, начальнік упраўлення рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый. ― Таму па пытанні наконт радыяцыі ў прадуктах харчавання ўзнікла сур’ёзная праблема. Гэтым займаліся расіяне, для якіх наяўнасць стронцыю не настолькі актуальная. У выніку нормы пераважна зрабілі такімі, як у Расіі. Не ўлічылі, што выпадзенне стронцыю было больш характэрна для нашай краіны”.

Еўрарадыё: Можа быць, беларускія нормы празмерна жорсткія?

Дзмітрый Паўлаў: “Калі яны распрацоўваліся, браўся сярэдні рацыён харчавання беларусаў па стане на 1998 год. Зыходзячы з рацыёну, разлічвалася, колькі радыенуклідаў трапляе ў арганізм. Паступленне іх з харчаваннем не павінна было перавышаць 0,98 мілізіверта ў год. Пералічвалі ўсё, з добрым запасам трываласці. Пры гэтым стварылі добрую сістэму радыяцыйнай бяспекі, якая гарантавала высокі працэнт верагоднасці, што  паступленне радыенуклідаў у арганізм беларусаў адсутнічае. На выкананне ўсіх абарончых мерапрыемстваў, звязаных з пераадоленнем наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, у краіне трацяцца вялікія грошы ― прыкладна мільён долараў у дзень. Але затое мы ўпэўнены, што ўзровень радыяцыйнай бяспекі насельніцтва забяспечаны. У нас паспяхова вырабляецца прадукцыя, якая адпавядае жорсткім нормам”.

Еўрарадыё: Даследаванні прадуктаў на стронцый-90 абыходзяцца нятанна. Выходзіць, што нормы Мытнага саюза толькі аблегчаць жыццё нашым прадпрыемствам харчовай прамысловасці…

Дзмітрый Паўлаў: “Насамрэч зніжэнне ўзроўню радыяцыйнай бяспекі супярэчыць інтарэсам дзяржавы і кожнага канкрэтнага жыхара. Таксама гэта штучнае зніжэнне негатыўна адаб’ецца на канкурэнтаздольнасці нашай прадукцыі харчавання.  Такі фактар можа быць выкарыстаны канкурэнтамі. Пытанне актуальна і для тых расіян і казахстанцаў, якія захочуць гандляваць харчовай прадукцыяй у Беларусі. Важна тэрмінова прыняць меры і зняць пытанне двайнога нарміравання заканадаўства. Важна захаваць інтарэсы нашых грамадзян”.

Атрымалася сітуацыя, што і звычайнаму беларусу і дасведчанаму радыёлагу сёння не зразумела, якімі дакументамі кіравацца. З аднаго боку, наш РДУ-99 не адменены, з іншага ― тэхрэгламент Мытнага саюзу дыктуе новыя правілы. І калі б тэарэтычна на той жа расійскі ці казахстанскі рынак пастаўлялі забруджаную прадукцыю з Беларусі (што сёння малаверагодна дзякуючы нашым жорсткім нормам), то спажыўцы наўрад ці былі б ад гэтага ў захапленні. 

Як стала вядома Еўрарадыё, многія кампетэнтныя  ведамствы ў Беларусі крытыкуюць новы закон. Але ці адважацца беларускія чыноўнікі папракнуць расійскіх калег і вынесці на разгляд нязручнае пытанне?

Даведка Еўрарадыё

Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Беларусь у пераважнай большасці забрудзілі радыенукліды цэзій-137 і стронцый-90, якія маюць розную лятучасць.

Цэзій распаўсюдзіўся плямамі на сотні і тысячы кіламетраў. Ён менш небяспечны, таму што можа накоплівацца ў мяккіх тканках чалавека і выводзіцца праз месяцы. Праверыць прадукцыю харчавання на наяўнасць цэзію можна за 15 хвілін у сотнях беларускіх лабараторый, якія ёсць нават на звычайных рынках.

Стронцый жа мог распаўсюдзіцца плямамі на дзясяткі і сотні кіламетраў. Ён накопліваецца ў касцях і цяжка выводзіцца. Паводле афіцыйных звестак, пацярпелі  Хойніцкі, Брагінскі, Нараўлянскі, Веткаўскі і Чэрыкаўскі раёны. Таму інфармацыя пра забруджаную бульбу на Валожыншчыне (лічы, цэнтр Беларусі) выглядае сенсацыйна. Верагодна, прадукт мог быць завезены з забруджанай тэрыторыі. Па гэтым пытанні дагэтуль вядзецца разбор. З іншага боку, дазіметрыя (вывучае магчымую шкоду, якую радыяцыя можа нанесці чалавеку)  — маладая навука, і не ўсе звесткі могуць быць вядомы спецыялістам. Даследаванні на стронцый — нятанная і доўгатэрміновая працэдура. Гэтым займаюцца лічаныя лабараторыі. І 15 хвілін для выніку недастаткова, часам можна не ўкласціся ў тыдзень.

Так выглядае малако падчас адной са стадыяў даследавання на стронцый

Першае фота: foodexim.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі