Сёння 28-я гадавіна Чарнобыльскай аварыі
26 красавіка 1986 году адбылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа.
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі адзначаць сумную гадавіну традыцыйным “Чарнобыльскім шляхам”. Першапачаткова планавалася шэсце ад кінатэатру “Кастрычнік” да Курапатаў і мітынг ва ўрочышчы, а таксама антыядзерны мітынг у парку Дружбы Народаў. Аднак гарадскія ўлады забаранілі праводзіць акцыю ў такім фармаце і прапанавалі ўдзельнікам іншы маршрут, з якім тыя вымушаныя былі пагадзіцца.
Збор удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху” абвешчаны на 16.00 ля кінатэатру “Кастрычнік”. Шэсце пачнецца а 16.30, а мітынг у парку Дружбы Народаў пройдзе з 17.30 да 18.30. Арганізатары не выключаюць магчымых правакацыяў з боку ўладаў. Нагодай для такіх засцярогаў паслужылі затрыманні і арышты актывістаў апазіцыі, у тым ліку аднаго з арганізатараў “Чарнобыльскага шляху”, прадстаўніка кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага.
Чацвёрты энергаблок Чарнобыльскай АЭС выбухнуў 26 красавіка 1986 год а 1.23. Нягледзячы на тое, што станцыя размешчаная ва Украіне, каля гораду Прыпяць, болей за 70% радыенуклідаў выпала на тэрыторыі Беларусі. Ад наступстваў аварыі пацярпелі каля 2 мільёнаў жыхароў краіны, у тым ліку болей за паўмільёна дзяцей.
Паводле звестак МНС, сёння, праз 28 гадоў пасля аварыі, плошча забруджаных радыяцыяй тэрыторый Беларусі зменшылася ў 1,6 разы, да 30 тысяч квадратных кіламетраў. Забруджаныя тэрыторыі засталіся ў 57 адміністратыўных раёнах краіны, на якіх знаходзіцца 2 тысячы 393 населеных пункты з насельніцтвам у 1,142 мільёна чалавек, нагадвае БелаПАН.