"Так, сенатар... вы маеце рацыю". Цукерберг адказаў на пытанні пра Facebook
Фота: Reuters
10 красавіка заснавальнік Facebook Марк Цукерберг больш за пяць гадзін адказваў на пытанні прадстаўнікоў юрыдычнага камітэта і камітэта па гандлі Сената ЗША. Сенатары распытвалі яго пра права на недатыкальнасць прыватнага жыцця, дзейнасці Cambridge Analytica і пра тое, за што нясе адказнасць Facebook і Цукерберг асабіста.
Свой выступ Цукерберг пачаў з прызнання віны (што ён ужо неаднаразова рабіў) і абяцанняў выправіць дапушчаныя памылкі.
"Facebook — кампанія ідэалістаў і аптымістаў, — сказаў Цукерберг. — Мы стварылі інструмент для зносін. Але не змаглі абараніцца ад таго, каб іх выкарыстоўвалі на шкоду. Гэта вялікая памылка. Гэта мая памылка. Я шкадую. Я стварыў Facebook, кірую кампаніяй, і я адказваю за тое, што здарылася".
Падставай для скандалу паслужыла ўцечка асабістых дадзеных у Facebook. У 2015 годзе кампанія Cambridge Аnalytica сабрала дадзеныя пра паводзіны 50-60 млн карыстальнікаў сацсеткі. Прылады аналітыкаў маглі адсочваць не толькі лайкі або абнаўленні профільнай інфармацыі, але таксама мелі доступ да прыватнай перапіскі. Скрадзеныя дадзеныя выкарыстоўваліся для таргетавання палітычнай рэкламы і маглі паўплываць на зыход прэзідэнцкіх выбараў 2016 года ў ЗША.
Адказы, якія даў сенатарам Марк Цукерберг, могуць паўплываць на працу велізарнай колькасці кампаній, якія прасоўваюць свае прадукты ў Facebook. А ў шырокім сэнсе яны тычацца кожнага карыстальніка сацсеткі. Калі членаў Сената і кангрэсменаў у Палаце прадстаўнікоў не задаволяць тлумачэнні Марка Цукербарга, у ЗША могуць быць прынятыя законы аб дадатковым рэгуляванні працы інтэрнэт-кампаній і абароне дадзеных інтэрнэт-карыстальнікаў.
Таму мы вырашылі апублікаваць адказы Цукерберга на самыя важныя пытанні. З англійскагай іх пераклаў сайт Meduza.io.
"Да канца года займацца праверкай пастоў у нас будуць больш за 20 тысяч чалавек"
Пытанне: Колькі яшчэ праграм [акрамя Cambridge Аnalytica] запытвалі дадзеныя ў такой колькасці? Колькі раз вы прасілі іх выдаліць?
Цукерберг: Такія выпадкі былі. Я не ведаю, колькі. Мае супрацоўнікі дадуць вам інфармацыю.
Пытанне: Ваш выканаўчы дырэктар Шэрыл Сэндберг намякнула, што калі карыстальнікі не хочуць, каб іх дадзеныя ўжывалі для таргетавання рэкламы, то ім самім давядзецца плаціць за Facebook. Гэта так?
Цукерберг: Па сутнасці, так. Хоць такой магчымасці цяпер няма. Мы хочам захаваць бясплатны сэрвіс, даступны для ўсіх. Інакш нельга сабраць мільярды карыстальнікаў.
Пытанне: Facebook заўсёды будзе бясплатным?
Цукерберг: Заўсёды будзе бясплатная версія Facebook.
Пытанне: Як вы збіраецеся змагацца з пастамі карыстальнікаў, напісанымі мовай нянавісці (hate speech)?
Цукерберг: Аўтаматычна вылучыць такія пасты вельмі складана з-за лінгвістычных асаблівасцяў. Да канца года займацца праверкай пастоў у нас будуць больш за 20 тысяч чалавек. Мы ўжо паспяхова ўжываем штучны інтэлект для пошуку тэрарыстычнай прапаганды. Думаю, праз 5-10 гадоў ён зможа шукаць і іншыя непрымальныя выказванні.
"Калі мне не падабаецца Facebook, куды мне ісці?"
Пытанне: Як вы змагаецеся з уплывам замежных дзяржаў на нашы выбары?
Цукерберг: Мы ўжо выкарысталі штучны інтэлект, каб знаходзіць фэйкавыя акаўнты для распаўсюджвання палітычнай агітацыі. Гэты метад зарэкамендаваў сябе на выбарах па ўсім свеце ў 2017 годзе. У Расіі ёсць людзі, асноўная праца якіх — выкарыстаць нашы і іншыя сістэмы. Атрымліваецца такая гонка ўзбраенняў.
Пытанне: Ваш віцэ-прэзідэнт Эндру Босуарт заяўляў, што задача сацсеткі — забяспечваць сувязь, нават калі яе выкарыстоўваюць тэрарысты і "хтосьці памірае". Вы з ім згодны?
Цукерберг: Ён заявіў гэта ва ўнутранай перапісцы. Я з ім не згодны. У нашай кампаніі ўсе могуць выказваць сваё меркаванне.
Пытанне: Калі мне не падабаецца мой Ford, я магу купіць Chevrolet. А калі мне не падабаецца Facebook, куды мне ісці? Хто ваш канкурэнт? Вы — манапаліст.
Цукерберг: Ёсць розныя платформы: Google, Apple, Amazon, Microsoft. Мы з імі шмат у чым перасякаемся. Мне не падаецца, што Facebook — манапаліст.
Пытанне: Як вы думаеце, нехта цалкам чытае ваша карыстальніцкае пагадненне?
Цукерберг: Наўрад ці яго звычайна чытаюць. Думаю, трэба прапанаваць больш зразумелы і сціслы варыянт.
Пытанне: Вы гатовыя ўвесці правіла, што карыстальнікам паведамляюць пра любы ўзлом сістэмы на працягу 72 гадзін?
Цукерберг: Гэта падаецца разумным. Трэба абмеркаваць.
Якія палітычныя погляды ў 20 тысяч вашых мадэратараў?
Пытанне: Да 2014 года ваш дэвіз быў "дзейнічай хутка і ламай ўсё навокал". Гэта так?
Цукерберг: Не памятаю, калі мы яго змянілі, але цяпер дэвіз такі: "Дзейнічай хутка са стабільнай інфраструктурай". Гэта ўжо не так крута.
Пытанне: Facebook пастаянна блакуе карыстальнікаў за кансерватыўныя і ўльтраправыя выказванні. Колькі дэмакратаў вы заблакавалі? Якія палітычныя погляды ў 20 тысяч вашых мадэратараў?
Цукерберг: Я разумею, што вам падаецца, што ў Крамянёвай даліне ёсць толькі прадстаўнікі левых поглядаў. Мы не пытаемся нашых мадэратараў пра палітычныя погляды або падтрымку палітычных партый.
Пытанне: Вы ўжо сказалі, што хочаце ў будучыні аўтаматычна блакаваць hate speech. Ці не атрымаецца, што вы пачняце блакаваць людзей за іх погляды? Напрыклад, будзеце забараняць сапернікам абортаў выказваць сваё меркаванне.
Цукерберг: Я б гэтага вельмі не хацеў. Мы павінны разам прыдумаць сістэму прыярытэтаў для кампаній, на якія яны павінны арыентавацца.
Як правяраць, што палітычную рэкламу размяшчаюць не расіяне?
Пытанне: Цяпер вы вырашылі правяраць, хто размяшчае палітычную рэкламу. Але як вы будзеце правяраць, калі яе размяшчае падстаўная кампанія? Калі яе размяшчае карпарацыя ў штаце Дэлавер, вы ж не даведаецеся, што за фірмай стаяць рускія?
Цукерберг: Так, сенатар... вы маеце рацыю.
Пытанне: Калі я напішу ў WhatsApp нешта пра "Чорную пантэру" [галівудскі фільм 2018 года. — Еўрарадыё], то мне потым пакажуць [у Facebook] рэкламу пра гэта?
Цукерберг: Не. Тое, што вы пішаце ў WhatsApp, не ўплывае на рэкламу.
Пытанне: Што вы робіце ў іншых краінах, каб перашкодзіць уладам ціснуць на апазіцыю?
Цукерберг: Перш за ўсё, мы павялічваем штат службы падтрымкі з веданнем мясцовай мовы. Так адбываецца, напрыклад, у М'янме ў сувязі з прыгнётам рахінджа. Па-другое, у такіх краінах звычайна актыўная грамадзянская супольнасць — яна дапамагае нам выяўляць тых, хто распаўсюджвае непрымальны кантэнт. Па-трэцяе, мы маем намер павышаць медыйную граматнасць.
"Я, мая сям'я і ўсе людзі, якіх я люблю і якія мне дарагія, пастаянна ім карыстаюцца"
Пытанне: Facebook выкарыстоўвае запісы размоў на мабільных прыладах, каб складаць партрэт карыстальнікаў?
Цукерберг: Не. Вы, мабыць, кажаце пра тэорыі змовы, што мы ўключаем мікрафон і выкарыстоўваем запіс для рэкламных мэтаў. Гэта не так.
Пытанне: Вы ўвесь час кажаце пра кантроль карыстальніка над інфармацыяй. А вы самі яе кантралюеце? Facebook бяспечны?
Цукерберг: Я лічу, што Facebook бяспечным. Я, мая сям'я і ўсе людзі, якіх я люблю і якія мне дарагія, пастаянна ім карыстаюцца.
Сёння Марк Цукерберг працягне даваць паказанні кангрэсменам ў Палаце прадстаўнікоў.