ТОП-5 экскурсій па Беларусі, якія зробяць ваша лета незабыўным
Сядзіба Літоўка / hawat.by
"Не людзі ствараюць падарожжы, а падарожжы ствараюць людзей", — напісаў аднойчы амерыканскі пісьменнік Джон Стэйнбек і меў рацыю. І чым больш мы падарожнічаем па роднай зямлі, тым глыбей разумеем, наколькі яна ўнікальная.
Нядаўна Еўрарадыё апублікавала агляд беларускіх азёр, якія вам абавязкова трэба ўбачыць гэтым летам. А сёння мы пазнаёмім вас з незвычайнымі экскурсіямі, якія прапануюць нашы тураператары.
"Містычныя легенды Гродзеншчыны"
Каб сустрэцца з паранармальным, зусім не абавязкова пакідаць межы Беларусі! У кожнага замка, які сябе паважае, ёсць свой прывід. Новы аўтарскі тур па містычных мясцінах Гродзеншчыны з галавой акуне вас у таямніцы беларускіх замкаў і давядзе да мурашак.
Падарожжа пачнецца з паляўнічай хаткі графа Тышкевіча ў Валожынскім раёне.
Тышкевічам належала амаль 45 000 гектараў паляўнічых зямель у Налібоцкай пушчы! Менавіта тут, непадалёк ад Мінска, але ў вельмі глухой мясцовасці, Браніслаў Тышкевіч і пабудаваў свой паляўнічы маёнтак "Вялае" — паводле назвы ўрочышча.
Падчас будаўніцтва выпадкова знеслі старажытнае капішча з ідалам, якому пакланяліся мясцовыя лясныя жыхары пачынаючы з ІХ стагоддзя. З папярэджаннем да графа прыходзіў Гаюн, паўміфічны захавальнік лясоў Беларусі, але прагрэсіўны граф толькі пасмяяўся з накладзенага праклёна.
У выніку драўляны паляўнічы домік згарэў ад адзіночнага ўдару маланкі. Няўдачы пераследвалі і нашчадкаў графа, якія ў пачатку мінулага стагоддзя пабудавалі ва ўрочышчы цагляную сядзібу. То раптоўны ўраган выб'е ўсе шыбы, то са стайні знікнуць усе коні.
"Гомельскі Праванс"
Калі вы любіце пах лаванды і хочаце зрабіць самую прыгожую фотасесію ў сваім жыцці, звярніце ўвагу на гэтую прапанову. Па дарозе можна зірнуць на сядзібу Чырвоны Бераг і пагуляць па палацава-паркавым ансамблі Гомеля.
Вёска Рудня-Споніцкая ў Веткаўскім раёне ператварылася ў беларускі Праванс, дзе можна атрымаць асалоду ад паху лаванды і іншых незвычайных кветак.
Тут суседнічае больш за 50 відаў раслін — ад дэкаратыўных да пладовых і ягадных: барбарыс, півоні дрэвападобныя, гібіскусы, гартэнзіі, гліцыніі, каля 60 гатункаў руж, дурніцы, чарэшня і грушы. Адначасова з лавандай квітнее незвычайнае расліна — юка.
"Краіна азёраў і храмаў"
Падчас гэтай экскурсіі можна пазнаёміцца з самымі цікавымі прыроднымі і гістарычнымі аб'ектамі Нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры", палюбавацца цудоўнымі азёрнымі пейзажамі з гары Маяк.
Адзіны манументальны і вялікі паводле памераў будынак у Відзах — Траецкі касцёл, узведзены ў пачатку XX стагоддзя побач з гандлёвай плошчай. Гэты будынак з чырвонай цэглы, чыя архітэктура ўвабрала матывы раманскага і гатычнага дойлідства. Акрамя таго, вы ўбачыце Успенскую стараверскую царкву XX стагоддзя.
Таксама вас чакае Опса з радавым маёнткам Плятэраў XX стагоддзя. У іх родзе былі мецэнаты, кашталяны, ваяводы, паслы, палітыкі і навукоўцы.
Сэрца старажытнага Браслава — Замкавая гара. Нерэгулярная планіроўка са звілістымі вуліцамі і маляўніча раскіданымі на пагорках камяніцамі надае асаблівае зачараванне гэтаму кутку азёрнай сталіцы. У горадзе захаваліся ўзоры народнага драўлянага дойлідства, а таксама характэрная ансамблевая забудова ў стылі мадэрн.
Два культавыя помнікі канца XIX стагоддзя — царква Успення Прасвятой Багародзіцы і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі — сваімі вежамі фармуюць выразны сілуэт горада. З Замкавай гары адкрываецца незабыўная панарама Браслава.
"Традыцыйныя рэцэптуры: гісторыі сыру і віна"
Хочаце пабываць на сапраўдным беларускім хутары ўдалечыні ад цывілізацыі і пакаштаваць сыроў, прыгатаваных паводле старадаўніх рэцэптаў? Тады экскурсія ў вёску Германаўшчына — ваша!
Заплюшчыце вочы і ўспомніце лета. Луг, заліты жоўтай фарбай дзьмухаўцоў, ружовыя палі скрыпеню... Каровы, якія пасвяцца на беразе ракі Шоша ў вёсцы Германаўшчына, даюць смачнае малако, з якога сям'я Ткачовых робіць свае незвычайныя сыры.
"Просты сухі", "Мальдрык", "Гамолка" — усё гэта нашы беларускія сыры, якія, магчыма, калі-небудзь зробяцца такімі ж вядомымі, як французскі ракфор або англійскі чэдар.
Гаспадар хутара "Майстравыя" здзіўляецца, калі чуе: "Ой, вы жывяце на хутары, да вас так далёка дабрацца..." Але людзі ж ездзяць па ракфор у Францыю, а па качоту — у Італію!
Па дарозе можна паглядзець на старадаўнія помнікі архітэктуры Віцебшчыны, а яшчэ зазірнуць на Ілаўскі вінзавод і паспрабаваць беларускі кальвадос. Увогуле, усё як паводле Рэмарка.
Дарэчы, арганізатары гэтай экскурсіі запэўніваюць, што тут вырабляюцца натуральныя віны без фарбавальнікаў і дадатковых араматызатараў, якія таксама можна прадэгуставаць.
"Парк "Дыпрыз", сядзіба Літоўка і Мірскі замак"
Пра Мірскі замак і парк жывёл "Дыпрыз" (многіх з якіх вы пабачыце ўпершыню!) вы можаце пачытаць самі па гэтай спасылцы, а вось пра фэнтэзі-сядзібу Літоўка мы вам раскажам. Яна пабудаваная ва ўнікальным стылі.
Колькасць і арыгінальнасць арт-аб'ектаў Літоўкі здольныя ўразіць не менш, чым сусветна вядомыя музеі. Гэта месца напоўненае энергетыкай, знакамі і сімваламі, якія даюць працу розуму. Літоўка, як магніт, прыцягвае турыстаў не толькі з Беларусі, але і з іншых краін, і валодае містычнай уласцівасцю адкрывацца гасцям кожны раз з новага ракурсу. Сёння флюгер на доме падасца вам вектарам, які паказвае, куды варта рухацца далей па жыцці, а заўтра набудзе новы сэнс.
Цэнтральная брама, Дух лесу, альтанка, жылы дом, верталётная пляцоўка, разбітыя тэлефоны, акварыум з Маленькім Прынцам, незвычайныя карціны — гэтыя і многія іншыя арт-аб'екты сядзібы ўражваюць.
Тут няма правілаў, паводле якіх трэба аглядаць музей, — адчувайце сябе свабодна, успрымайце сядзібу такой, якой вы яе бачыце. Будзьце гатовыя наведаць гэтае месца яшчэ не адзін раз.
P.S. Гэта ўсяго толькі пяць экскурсій, якія дапамогуць зрабіць ваша лета ў Беларусі незабыўным. Шукайце свае маршруты, знаёмцеся з нашай гісторыяй і традыцыямі — падарожнічайце і набірайцеся станоўчых эмоцый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.