Тур Зянона Пазняка па Украіне — для каго ён?
Зянон Пазняк (у цэнтры) / t.me/zianon_pazniak
Зянон Пазняк разам з паплечнікамі наведвае Украіну. Пра што гэта сведчыць, і ці атрымаецца ў яго ў адрозненні ад Ціханоўскай аднавіць беларуска-украінскія адносіны? На гэтыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
“Рыторыка Пазняка вельмі падабаецца Украіне — яго радыкальныя антырасійскія прамовы. За палітычнай карэктнасцю ён не сочыць, калі гаворка ідзе пра Расію ці расійскае насельніцтва. Таму, наколькі я разумею, яго і запрашаюць у якасці эксперта ў розныя эфіры на украінскім тэлебачанні, бо ён вельмі трапна трапляе ў гэты украінскі дыскурс. Словы Пазняка — гэта тое, што жадалі б пачуць многія украінскія гледачы, эксперты палітыкі ад прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху”.
Фрыдман звяртае ўвагу, што шмат з таго, што можа сказаць Пазняк, не можа сабе дазволіць сказаць Ціханоўская, бо яна гуляе на зусім іншым палітычным полі.
“І калі Ціханоўская звяртаецца да пытання Расіі і расіян, яна мусіць гэта казаць так, каб не расчараваць сваіх еўрапейскіх партнёраў. Калі ў яе будзе заява, што, напрыклад, Расія — гэта гістарычны вораг Беларусі і суіснаванне з ёй у будучыні немагчымае, гэта будзе дрэнна ўспрынятае заходнімі партнёрамі, якія наконт Расіі выказваюцца больш стрымана”.
Аглядальнік прыводзіць прыклад: “Зянон Пазняк, наколькі я разумею, упэўнены ў тым, што дэмакратызацыя Расіі ў прынцыпе немагчымая, што пабудаваць там дэмакратычнае грамадства немагчыма. Гэта тэзіс, які распаўсюджаны ва Украіне і Усходняй Еўропе. У Заходняй Еўропе па-ранейшаму існуюць спадзяванні на тое, што пасля Пуціна можа быць і ў Расіі пабудаваная дэмакратычная сістэма”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.