У 2017 годзе Беларусь і Расія плануюць правесці сумесныя вучэнні "Захад"
Беларусь і Расія запланавалі на 2017 год сумесныя ваенныя вучэнні "Захад". Пра гэта паведаміў кіраўнік Мінабароны Расіі Сяргей Шайгу па выніках пасяджэння сумеснай калегіі абаронных ведамстваў Беларусі і Расіі, якое прайшло ў Маскве. Як перадае БЕЛТА, вучэнні пройдуць на палігонах Беларусі і Расіі.
Камандуючы войскамі Заходняй ваеннай акругі Расіі Анатоль Сідараў растлумачыў падчас пасяджэння, што вучэнні "Захад-2017" будуць накіраваныя на дасягненне шэрагу практычных мэтаў. У іх ліку — удасканальванне сістэмы кіравання Рэгіянальнай групоўкай войскаў, удасканальванне аб'яднаных сістэм разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, матэрыяльна-тэхнічнага ды іншых відаў забеспячэння. Яшчэ адной з мэтаў вучэнняў стане павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння ў Адзінай рэгіянальнай сістэме супрацьпаветранай абароны.
Сяргей Шайгу паведаміў таксама, што ў бліжэйшыя два гады Беларусь і Расія плануюць стварыць механізм узброенай абароны Саюзнай дзяржавы. Гэта зацверджана планам сумесных мерапрыемстваў на 2016-2018 гады, адзначае ТАСС.
Па словах расійскага міністра, вайсковыя ведамствы абедзвюх краін абмеркавалі рэалізацыю пагаднення аб сумеснай ахове знешніх межаў і нясенне баявога дзяжурства ў рамках Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА на тэрыторыі Беларусі.
Фота: БЕЛТА