У Баранавічах перанеслі суд, бо суддзя не ведае беларускай мовы

У Баранавічах перанеслі суд, бо суддзя не ведае беларускай мовы

Суд у Баранавічах над мясцовымі актывістамі Уладзімірам Гундарам і Юрыем Казакевічам пачалі 5 траўня і адразу перанеслі на 13-га. У каментары выданню Intex-press Уладзімір Гундар паведаміў, што прычынай пераносу стала беларуская мова.

"Я запатрабаваў у суддзі, каб яна звярталася да мяне па-беларуску. Яна спытала: "Вам перакладчык трэба?". Я адказаў: "Не". Яна адклала суд да 13 чысла ў сувязі з тым, што будзе шукаць перакладчыка", — распавёў актывіст. На яго думку, гэты выпадак сведчыць, што дзяржаўны чыноўнік не ведае роднай мовы. Але па Канстытуцыі, кажа Гундар, чыноўнікі абавязаныя ведаць дзве дзяржаўныя мовы.

Таксама актывіст распавёў, што на суд не прыйшлі сведкі — два міліцыянты. Яны спаслаліся на тое, што занятыя на працы. Але асноўнай прычынай пераносу суда ён называе адсутнасць перакладчыка.

Гундара і Казакевіча судзяць па абвінавачанні ў парушэнні закона "Аб масавых мерапрыемствах". На Дзень Волі, 25 сакавіка, яны выйшлі ў цэнтр Баранавічаў з бела-чырвона-белым плакатам, дзе паведамляася пра 98-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Таксама актывісты тырмалі плакат салідарнасці з Украінай са словамі "Разам — да лепшай долі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі