У БДУІР адкрываюць 12 новых спецыяльнасцяў, у Акадэміі кіравання — ніводнай

“У нас адкрылася адна новая спецыяльнасць на дзённым – “выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка. Мы 10 бюджэтных месцаў без праблем закрылі. І 20 – платнікаў, таксама думаю закрыем”, – упэўніваюць ва ўніверы.

Але, як высвятляе Еўрарадыё, студэнтаў будуць рыхтаваць не ў айцішную фірму, а… у школу. Бо спецыяльнасць педагагічная.

“Спецыяльнасць гучыць як “педагог-мастак, выкладчык. Але камп’ютарная графіка – частка іх спецыяльнасці. Вядома, у першую чаргу будзем пасля ў школу размяркоўваць. Але можа і самі працаўладкуюцца”, - спадзяюцца ў гэтай ВНУ.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі запускае адразу 12(!) новых спецыяльнасцяў. Найбольш папулярная  - "мабільныя сістэмы".

“Дзве эканамічнага профілю – зусім новыя: “эканоміка электроннага бізнэсу” і “электронны маркетынг”. Гэта будуць праграмісты-эканамісты і маркетолагі-праграмісты. Цалкам новая спецыяльнасць “праграмуемыя мабільныя сістэмы” і аўтаматчыкі ядзерных станцыяў – гэта спецыяльнасць “электронныя і інфармацыйныя кіруючыя сістэмы фізічных установак”, - анансуюць у БДУІРы.

І вучыць будуць атамшчыкаў чатыры гады, як і па ўсіх спецыяльнасцях у БДУІРы. А тузін спецыяльнасцяў набраўся, бо частку старых перайменавалі і дадалі новыя кірункі.

Ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў увялі толькі адну новую спецыялізацыю “спецыяліст па сувязях з грамадскасцю” ці проста піяршчык.

“Там спецыялізацыя новая “мэнэнджмэнт рэкламы і сувязяў з грамадскасцю. Там конкурс быў – 5 чалавек на месца”, - ганарацца ва ўніверы.

Відаць, не хапае двух падобных спецыяльнасцяў у БДУ, дзе піяршчыкаў рыхтуюць у Інстытуце журналістыкі і на факультэце філасофіі і сацыяльных навук.

А вось у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце новых спецыяльнасцяў на дзённым няма. Толькі ў магістратуры.

“У нас навучаюцца па трох спецыяльнасцях, якія ў гэтым годзе ніяк не мяняліся”, - коратка адказваюць у кузні дзяржаўных кіраўнікоў.

Нагадаем, ва ўніверах першай і другой плыні ўступная кампанія скончылася, адзіныя ўніверы, дзе яна працягваецца – ВНУ аграрнага профілю. Сюды можна падаваць дакументы да 31-га ліпеня.

Фота: zn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі