У iPhone можа з'явіцца функцыя прыёму плацяжоў з банкаўскіх карт
Распрацоўшчыкі мяркуюць, што новая функцыя асабліва спадабаецца ўладальнікам невялікіх бізнесаў / Reuters
Кампанія Apple рыхтуецца прэзентаваць новую функцыю смартфонаў iPhone, паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы. Гаворка ідзе пра магчымасць бескантактна прымаць плацяжы з банкаўскіх карт.
Праца над гэтым праектам ідзе яшчэ з 2020 года і, мяркуючы па ўсім, набліжаецца да завяршэння. Новую функцыю iPhone кампанія можа прадставіць ужо праз некалькі месяцаў разам з абнаўленнем аперацыйнай сістэмы iOS.
Агенцтва піша, што ў аснове рашэння ляжыць тая ж тэхналогія, якая цяпер выкарыстоўваецца для бескантактавай аплаты пакупак з дапамогай смартфона. Прымаць такім жа чынам сродкі пакуль немагчыма.
Як адзначаюць распрацоўшчыкі, новая функцыя спадабаецца ўладальнікам невялікіх бізнесаў — яна дазволіць сэканоміць на куплі спецыяльных плацежных тэрміналаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.