У Канах французы пакажуць Мінск, замаскіраваны пад Маскву
Сёлета на кінафестывалі ёсць беларускі павільён, а па-за конкурснай праграмай пакажуць дзве кінастужкі, якія ствараліся ў Беларусі.
У Канах адкрыўся 68-мы Міжнародны кінафестываль. У конкурснай праграме няма фільмаў з Усходняй Еўропы. Але ў Канах ёсць беларускі павільён, а па-за конкурснай праграмай пакажуць дзве кінастужкі, якія ствараліся ў Беларусі.
13 траўня адбыўся дыстрыбутыўны паказ нашумелага кіно “Мы, браты”, які ў сусветны пракат выходзіць пад назвай “Код Каіна”. Генеральны прадзюсар стужкі Сяргей Ждановіч кажа, што паказ рабіўся для дыстрыб'ютараў і “ўжо ёсць падпісаныя кантракты”.
Па-за конкурсам таксама пакажуць кінастужку французскага рэжысёра Арно Дэплешана “Тры ўспаміны пра маю маладосць”, у англамоўных краінах яна выходзіць пад назвай “Мае залатыя гады” (My golden years). Гэта кіно здымалася восенню ў Беларусі, у эпізодах — нашы акцёры. Для некаторых з іх стала нечаканасцю, што фільм будзе паказаны ў Канах.
Акцёр Генадзь Фамін здымаўся ў гэтым кіно ў эпізадычнай ролі. Па яго словах “Тры ўспаміны пра маю маладосць” ― вельмі прыватны твор. Ён зроблены вельмі асабістым і інтымным, у крыху хаатычнай фестывальнай манеры. Гэты фільм ― успаміны сталага чалавека. Адным з такіх успамінаў было яго падарожжа ў Маскву. Яе і здымалі на вуліцах Мінска.
Генадзь Фамін
Акцёр кажа, што французская каманда працавала надзвычай прафесійна і зладжана, уразіла манера рэжысёра:
“Своеасаблівая манера працы, вельмі адкрытая і чалавечая. Ён мне вельмі спадабаўся. Такі, ведаеце, сплаў інтэлекту, высокай эмацыйнай чуллівасці і, у той жа час, жорсткай рэжысёрскай рукі падчас працы”.
Па словах Генадзя Фаміна, мастакі афармляльнікі са звычайнай кватэры на праспекце за некалькі гадзін змаглі стварыць сапраўдны інтэр’ер савецкай кватэры 80-х.
Актрыса Зінаіда Зубкова грала ролю музейнай супрацоўніцы:
“Усё рабілася вельмі хутка, вельмі дакладна. Яны ўсё падрыхтавалі без мяне. Я толькі выйшла, яны паказалі дзе мне прыпыніцца, дзе сказаць адно слова, дзе другое. За мяне ўжо ўсё было размечана”.
Зінаіда Зубкова
Як даведалася Еўрарадыё стужка будзе паказаная ў Канах 15 траўня, а прэм’ера ў кінатэатрах Францыі адбудзецца 20 траўня.
Канскі кінафестываль у гэтым годзе працягнецца да 24 траўня. Яго тварам стала знакамітая шведская актрыса Інгрыд Бергман, якой у 2015 годзе споўнілася б 100 гадоў.
У конкурсную праграму трапілі 19 фільмаў, сярод іх стужка Ёакіма фон Трыера (брата Ларса) “Грамчэй за бомбы”, Жака Адыяра “Дзіпан”, Матэа Гароні “Казка казак”, Гаса ван Сэнта “Мора дрэваў”.
Па-за конкурсам свае новыя фільмы прадставяць Вудзі Ален “Ірацыянальны чалавек”, Гаспар Наэ “Каханне”, Наталі Портман “Казка кахання і цемры” і іншыя.
Фота: linternaute.com, kupalauski.by, budzma.org,