У метро беларускай лацінкай пісаць можна, прозвішча ў пашпарце — не?

У метро беларускай лацінкай пісаць можна, прозвішча ў пашпарце — не?

Мінчанін Мікіта Навіцкі збіраецца мяняць пашпарт і хоча, каб прозвішча ў лацінскай транслітарацыі пісалася “Navicki”. Менавіта так яно мусіць выглядаць па правілах, распрацаваных Акадэміяй навук. А ў пашпартным стале прапануюць напісаць Navitski, бо так "па інструкцыі".


"Праблема з літарай "ц", як яе перадаць лацінскай літарай. Я ў заяве пісаў, каб яе перадалі лацінскай літарай "с". Адразу пашпартыстка звярае, як было ў мінулай версіі пашпарта. Адразу кажуць: “Чаму?

Можам не прапусціць”. Паказвалі інструкцыю, якой кіруюцца пры перакладзе. У гэтай інструкцыі я нават "ў" не ўбачыў", — апісвае сваю гісторыю Мікіта.

Ён нават паказваў правілы транслітарацыі геаграфічных назваў, якія распрацавала Акадэмія навук. Не дапамагло.

Спрабуем пайсці шляхам Мікіты і даведацца ў раённым аддзеле дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі ў Мінску, як замяніць транслітарацыю ў пашпарце на беларускую.

"Вы ведаеце, вам напісалі так, як трэба па нашых правілах, па інструкцыі. Гэтую праграму распрацоўваў Інстытут мовазнаўства і мы ад яе адштурхоўваемся. Трэба глядзець, што там у вас атрымоўваецца", — апісваюць у раённым аддзеле дэпартамента.

А вось у галоўным упраўленні Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС праблемы не бачаць: чалавек мае права памяняць напісанне свайго прозвішча лацінкай, але адзін раз.

"Грамадзянін можа памяняць пашпарт і указаць тую транслітарацыю, якую ён палічыць неабходнай. І ніякіх пытанняў не мусіць быць. Згодна з пастановай, ён можа змяніць прозвішча адзін раз".

На практыцы змяніць транслітарацыю на беларускую лацінку ўсё ж можна. Напрыклад, мінчанцы Вользе гэта удаецца, але толькі пасля сустрэчы з кіраўніком раённага упраўлення дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі