У мінскім музеі Айчыннай вайны прадаюць сувеніры-кантэйнеры для какаіну?

На выхадзе з музея Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца сувенірная крама, дзе можна набыць бірульку для ключоў у выглядзе патрона. Калі больш дэталёва разгледзець цацку, то высвятляецца, што патрон можна разабраць на ёмістасць і лыжачку. Вось што пішуць пра яе прызначэнне на інтэрнэт-форумах.

“У Валгаградзе на Мамаевым прадаюць такія і кажуць, каб зямлю з кургана можна было набраць. Ну і захоўваць пры сабе зямлю з месца баявой славы”, — не без сарказму пішуць на форумах пад адпаведным пытаннем.

Але найбольш часты варыянт — “для захоўвання какаіну, а лыжачка — каб было зручна дазіраваць і ўкладаць парашок у нос”.

Адміністрацыя музея нічога пра дзіўны сувенір-патрон не ведае, бо крама і кавярня на першым паверсе належаць ТАА Аўрора норд”, якія арэндуюць памяшканні ў будынку.

“Вы не паверыце, напэўна, але мы тыдзень прадавалі гэтыя бірулькі, пакуль выпадкова адна з іх не раскрылася, — усміхаецца пытанню кіраўніца кампаніі Алена. — Толькі тады мы ўбачылі, што там унутры лыжачка. Маім маляўкам падабаецца, яна ж такая міленькая, дачка мая з ёй гуляецца. Але што гэта такое і для чаго, я не ведаю, гэта пастаўшчык нам іх робіць”.

З варыянту какаінавага кантэйнера Алена ўсміхаецца, маўляў, “якая бурлівая фантазія ў людзей”. Жанчына дакладна не ведае, дзе і як вырабляюць гэтыя бірулькі, але падазрае, што гэтым займаецца сам пастаўшчык.

“Не, гэта мы з Кітая замаўляем, — прызнаецца прадпрымальнік Міхаіл Левін. — Я думаю, што гэта нешта накшталт таго, што ў кожнага салдата мусіць быць свая лыжка. Напэўна, такая легенда. Але мы прадаём гэтую бірульку менавіта як сувенір, патрон”.

На пытанне “Для чаго?” у інтэрнэце прапаноўваюць і іншыя варыянты. Напрыклад, каб захоўваць атруту ці калупацца ў носе ды вушах, а потым усё, што выкалупаў, складаць у ёмістасць. Дарэчы, варыянт з лыжачкай для чысткі вуха выглядае даволі праўдзіва, бо падобнымі прыладамі карыстаюцца дактары-оталарынголагі. Але пагадзіцеся, наўрад ці прафесійны хірургічны інструмент будзе хавацца ў патроне і прадавацца для масавага карыстання.

Тым больш на папулярных у беларусаў сайтах, дзе можна танна замовіць любую кітайскую прадукцыю з бясплатнай дастаўкай, мы знайшлі падобныя бірулькі. Там іх адкрыта завуць прыладамі для нюхання тытуню, ці, як яго яшчэ называюць, снафу.

Дарэчы, галоўная гераіня культавага фільма “Жорсткія гульні” ўжывала какаін з дапамогай менавіта такой лыжачкі. Толькі хавалася яна не ў патрон, а ў дарагі, інкруставаны каштоўнымі камянямі крыжык.

Кадр з фільма "Жорсткія гульні"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі