Украінская журналістка: “Такога я не бачыла нават у гарачых кропках”

“Мая экіпіроўка тут такая: шмат вопраткі, футбольныя шчыткі, узмоцненыя пальчаткі, шлем, акуляры, процівагаз. Зараз вось пайду па бронекамізэльку. Буду яшчэ ў ёй”, — расказвае беларускі аператар Аляксандр Баразенка.

Ён прыехаў у Кіеў чацвёрты раз за апошнія тры месяцы. Калі напачатку пратэстаў журналісты хадзілі па Майдане звычайна апранутыя, максімум у камізэльках з надпісамі “ПРЭСА”, то зараз іх ужо складана адрозніць ад удзельнікаў пратэстаў і сутычак. Хіба што замест зброі — камеры і фотаапараты.

Супрацоўнік кіеўскага “Інстытута масавай інфармацыі” Раман Кабачый расказвае, што шлемы і бронекамізэлькі журналістам пачалі раздаваць яшчэ тры месяцы назад — падчас першых сутычак на Банкавай плошчы. Аднак найбольшы попыт на іх зараз — калі на вуліцах Кіева пачалася сапраўдная вайна. Раман расказвае, што дастаецца журналістам самых розных выданняў: б’юць па галаве, а не па рэдакцыйным пасведчанні.

“Мы фіксавалі розныя выпадкі. І калі раненні атрымлівалі расійскія журналісты, і калі незалежныя, і калі праўладныя. “Беркут” не разбіраецца. Вось сёння ў нас загінуў журналіст, які працаваў у вельмі прарасійскім выданні “Весткі”. Выпадкова вельмі загінуў. Яго пабілі цітушкі, стрэлілі ў грудзі. Ён страціў шмат крыві і пад раніцу ў шпіталі памёр”.

Раман гаворыць, што напачатку забяспечвалі журналістаў ахоўнай экіпіроўкай прафсаюзы і недзяржаўныя арганізацыі. Кіраўніцтва СМІ не лічыла патрэбным забяспечваць супрацоўнікаў каскамі і камізэлькамі. “Нават з вельмі багатых рэдакцый, тэлеканалаў прыходзілі да нас”, — расказвае Раман. Аднак пасля сутычак на Грушэўскага сітуацыя змянілася. Гаворыць, што журналісты пачалі атрымоўваць насамрэч цяжкія траўмы і не маглі працаваць. Асабліва аператары і фатографы, якія, атрымаўшы траўмы пальцаў, не маглі здымаць. Таму зараз журналісты добра экіпіраваныя.

Але гэта ратуе не ўсіх. Карэспандэнт "5 канала" Азад Сафараў 18 лютага трапіў “пад раздачу” ад “Беркута”. Гаворыць, што міліцыянты былі настроеныя збіваць менавіта журналістаў.

“Мы здымалі, як ідуць сутычкі паміж “Беркутам” і актывістамі. І ў нейкі момант, падчас атакі “Беркута”, мы адышлі ў бок. Што сімвалічна, стаялі пад будынкам ААН, упрытык да яго. Былі ўбаку ад падзеяў. А “Беркут”, пабачыўшы нас, яшчэ больш раз’юшыўся”.

Уратаваў Азада і яго аператара дэпутат ад апазіцыі, які літаральна выцягнуў скрываўленых журналістаў з міліцэйскага аўтобуса і схаваў у будынку Вярхоўнай Рады. Зараз у Сафарава пералом рукі, працаваць яму складана. Які лёс аператара, ён не ведае. Гаворыць, што з яго міліцыянты здзекаваліся асаблівым чынам — пырскалі газам з балонаў проста ў твар, ударамі разбілі камеру і нават металічны мікрафон з лагатыпам канала. “Калі б мы працавалі на дзяржаўны канал, то гэтага ўсяго не было б”, — перакананы журналіст.

Журналістка Наталка Гуменюк працуе на “Грамадске.тв”. Гаворыць, што за сваю кар’еру шмат чаго перажыла, была ў некалькіх зонах канфлікту — але кіеўскія падзеі пераўзышлі ўсё раней бачанае.

“Я асвятляла канфлікты — у Егіпце, у іншых няпростых краінах. Але нідзе такога не бачыла, такой непатрэбнай агрэсіі з боку ўладаў… Калі збіваюць людзей нават там, дзе яны хаваюцца ад сутычак”.

Затрыманні і збіццё — не адзіная праблема, з якой сутыкаюцца ўкраінскія журналісты падчас працы. Вечарам 18 лютага на ўсёй тэрыторыі Украіны спынілася вяшчанне “5 канала”. Глядзець трансляцыю немагчыма нават з сайта тэлеканала — ён заблакаваны ўжо некалькі дзён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі