Улады Беларусі выдаткоўваюць грошы на маніпуляцыі з рэакцыямі ў тэлеграме
"Какашкамі" і "падабайкамі" спрабуюць імітаваць "голас народа" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Апошнія тыдзень-два ў тэлеграм-каналах незалежных СМІ пачалі адбывацца дзіўныя рэчы з рэакцыямі на пасты. Пад некаторымі з'яўляюцца сотні "какашак" або "падабаек" — анамальная колькасць. Пры гэтым можна адсачыць наратывы, якія такім чынам спрабуюць прасоўваць тыя, хто займаецца накруткай рэакцый. Вось асноўныя з іх:
Лукашэнка — малайчына
Пад постам Еўрарадыё пра тое, што турэцкі прэзідэнт Эрдаган перайграў Лукашэнку, за лічаныя хвіліны з'явіліся 124 "дызлайкі". Аналагічная сітуацыя — пад тэкстам у калег пра перамены ў Беларусі, якія адбудуцца пасля смерці Лукашэнкі.
Пост пра дзень нараджэння Сяргея Ціханоўскага сабраў паўтары сотні "пальцаў уніз", а пра прызнанне яшчэ дзясятка затрыманых палітвязнямі — больш за 160 "святкаванняў".
Затрыманне дызайнера Вадзіма Багрыя таксама атрымала незвычайную колькасць "святаў" і "пальцаў угору", а новы суд над Нінай Багінскай — больш за сямсот (!) ухвальных рэакцый.
Украіна не падабаецца, добраахвотнікі таксама
Накручваюцца рэакцыі і пад пастамі пра Украіну. Уладзіміру Зяленскаму ставяцца дызлайкі і "какашкі", як і пастам пра поспехі краіны ў супрацьстаянні з Расіяй.
Негатыўныя рэакцыі з'яўляюцца і пад пастамі пра беларускіх добраахвотнікаў — пад эфірамі з імі і проста згадваннямі.
З Расіяй усё наадварот: рэакцыямі ствараецца ілюзія, што яе падтрымліваюць. А, напрыклад, навіна пра ініцыятыву прызнаць яе алмазы "крывавымі" атрымала мноства негатыўных рэакцый.
Дэмсілы таксама не падабаюцца
У цэнтры ўвагі і пасты пра Святлану Ціханоўскую і яе Аб'яднаны пераходны кабінет, а таксама грамадзянскіх актывістаў і блогераў. Напрыклад, за некалькі хвілін пад анонсам эфіру Еўрарадыё з Аляксандрам Кныровічам з'явілася больш за сотню "пальцаў уніз".
Улады робяць усё правільна
Заявы прэм'ер-міністра Галоўчанкі пра "галавакружныя поспехі" беларускай эканомікі атрымліваюць мноства станоўчых рэакцый. А навіна пра тое, што крэдытны рэйтынг Беларусі горшы, чым ва Украіны, — наадварот, нібыта выклікала негатыўную рэакцыю ў карыстальнікаў.
"Падтрымліваюць" (мяркуючы па рэакцыях) такія рэчы, як перамовы з Зімбабвэ, дадаванне ў школьныя праграмы ідэалогіі і новыя нормы праверкі для патэнцыйных чыноўнікаў.
Гісторыя пра гомельскага чыноўніка, які вядзе прапагандысцкія каналы, таксама займела "народную падтрымку".
Танная накрутка
Атрымаць сотню "рэакцый" у тэлеграме можна ўсяго за некалькі расійскіх рублёў на спецыяльных анлайн-біржах. Там можна выбіраць, якія гэта будуць рэакцыі — станоўчыя, адмоўныя, тыя ж "свята" або "какашка". Зрабіць гэта ў тэорыі можа кожны, заплаціўшы і прымацаваўшы спасылку, аднак тут відаць, што гэтым займаюцца сістэматычна: рэакцыі з'яўляюцца хутка і на працягу ўсяго дня.
Відавочным бенефіцыярам накрутак ёсць прапагандысты: потым яны выкарыстоўваюць скрыншоты як "народнае меркаванне" і спрабуюць імітаваць такім чынам грамадскі кансэнсус па шэрагу пытанняў. Таму чытачам тэлеграм-каналаў важна памятаць, што ў такім выпадку анамальная колькасць рэакцый пад пастамі гаворыць не пра "меркаванне большасці", а толькі пра інтарэсы прапаганды.
"Накручваюць" часам прапагандысты і апытанні ў тэлеграм-каналах. З апошніх прыкладаў: нібыта большасць чытачоў аднаго з каналаў лічаць, што палітвязням трэба прасіць Лукашэнку пра памілаванне. Падобных выпадкаў ужо было некалькі, таксама на палітычныя тэмы: нібыта людзі падтрымліваюць улады і асуджаюць "уцёклых". Аднак такія накруткі каштуюць даражэй, чым рэакцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.