Ва Украіне і Еўрасаюзе заклікаюць адмовіцца ад тавараў “Made in Russia”

Каб спыніць расійскую агрэсію ў Крыме на Захадзе ўсур’ёз загаварылі аб эканамічных санкцыях. Толькі іх наўрад ці ўвядуць, кажуць эксперты.

“У кожным выпадку, дэстабілізацыя эканамічных адносін Расіі і Еўропы будзе біць як па Расіі, так і па Еўропе, гэта ж відавочна. Поўнамаштабныя санкцыі, якія б азначалі гандлёвую вайну між Расіяй і Захадам, думаю, — крайняя мера, на якую Абама не пойдзе”, — дзеліцца сваім меркаваннем з Еўрарадыё дырэктар паліталагічнага цэнтра “Поўнач-Поўдзень” Аляксей Уласаў.

Тым часам спажыўцы з Украіны і краін ЕС, сярод якіх, здаецца, пасля апошніх падзей у Крыме павялічылася непрыязнасць да “ўсяго рускага”, бяруць справу ў свае рукі. Актывісты ўжо заклікаюць наведвальнікаў львоўскіх супермаркетаў не набываць расійскія тавары. Яны кажуць, што гэта дазволіць не толькі спыніць фінансавую падтрымку “акупантаў”, а таксама і нанясе псіхалагічны ўдар. У сваю чаргу, эксперты не ўпэўненыя, што такія ініцыятывы дасягнуць сваёй мэты.

“Не магу сказаць, што прысутнасць расійскіх тавараў, тых жа, малочнай прадукцыі, хлеба, макаронаў, круп, печыва, бульбы ці морквы настолькі добра заўважная на ўкраінскіх прылаўках, што адмова ад іх неяк паўплывае на расійскую эканоміку”, — кажа незалежны расійскі эканаміст Уладзіслаў Жукоўскі. І дадае, што бульбу і моркву Расія сама імпартуе.

Тым часам некаторыя прапануюць ударыць Расію па самым хворым — па расійскіх нафтапрадуктах. Палякі стварылі суполку ў Фэйсбуку “Stop Lukoil”, якую ўжо ўпадабалі больш за 14 тысяч чалавек. Акцыю падтрымалі ў Літве, і свядомыя ўкраінцы таксама далучаюцца.

“У прынцыпе, доля расійскіх нафтавікоў на ўкраінскім рынку заўважная, але не крытычная. Ёсць толькі дзве буйныя кампаніі, "Лукойл" і "ТНК". І яны зачастую прадаюць не толькі свае нафтапрадукты, але і нафтапрадукты ўкраінскіх нафтаапрацоўчых заводаў”, — адзначае Уладзіслаў Жукоўскі.

У Фэйсбуку ёсць і англамоўная суполка “Boycott Russia” (упадабалі больш за 880 чалавек), якая была створаная 2 сакавіка — акурат пасля пачатку “крымскай кампаніі”.

Цікава, што расійскі бізнес ужо не ўпершыню сутыкаецца з праблемамі з-за палітыкі Крамля. Перад Алімпіядай у Сочы прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці з заходніх краін заклікалі не набываць рускую гарэлку, адказваючы такім чынам на парушэнні правоў геяў у Расіі.

Фота: businessinsider.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі