Віганд: З уладамі гаварыў пра рэформу адукацыі, самакіраванне і палітвязняў

Дырэктар дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд з 17 па 18 лістапада знаходзіўся ў Мінску. Па заканчэнні сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной, прадстаўнік Еўракамісіі адказаў на пытанні журналістаў.

Гунар Віганд: Сёння ў нас быў чацвёрты раўнд прамежкавай фазы дыялогу па мадэрнізацыі, які мы праводзім як з грамадзянскай супольнасцю, так і з урадам. І сёння нашы абмеркаванні канцэнтраваліся на тэмах магчымых рэформ у сферы адукацыі. Таксама нашы абмеркаванні тычыліся тэм рэгіянальнага развіцця — дэцэнтралізацыі ўлады, а таксама сацыяльных пытанняў. Абмеркаванні былі вельмі добрымі і канцэнтраванымі. Гаварылі, якія могуць існаваць патэнцыйныя патрэбы ў рэформах у гэтых сферах, але таксама казалі і пра магчымую падтрымку гэтых рэформ з боку Еўрапейскага Саюза.

Перад намі яшчэ пяты, апошні, раўнд перамоў, які адбудзецца на пачатку 2015 года, і будзе тычыцца сфер вяршэнства права і выбарчай сістэмы.

У дадатак я меў абмеркаванне з экспертамі грамадскай супольнасці ў сферы адукацыі, рэгіянальнага развіцця і сацыяльнай сферы. І мне, і маім калегам з Еўрапейскай камісіі вельмі дапамаглі гэтыя абмеркаванні, каб вызначыць магчымыя сферы для ўзаемадзеяння ў названых галінах. Яшчэ ў мяне была магчымасць сустрэцца з міністрам замежных спраў Макеем, яго калегамі з прэзідэнцкай адміністрацыі, для таго, каб абмеркаваць іншыя пытанні адносін паміж ЕС і Беларуссю, а таксама пытанні, звязаныя з Усходнім партнёрствам. Акурат напярэдадні саміта Усходняга партнёрства, які мусіць прайсці ў наступным годзе ў Рызе.

Я таксама сустрэўся са сваякамі палітычных зняволеных і ў мяне была працяглая сустрэча з праваабаронцамі. Такім чынам, гэта быў вельмі інтэнсіўны і напоўнены візіт і мы спадзяёмся, што ён дапаможа зрабіць больш інтэнсіўныя ўзаемадзеянні паміж ЕС і Беларуссю.

Еўрарадыё: Вынікі сустрэчы са сваякамі палітвязняў і праваабаронцамі выносіліся на абмеркаванне з прадстаўнікамі беларускай улады?

Гунар Віганд: Я закранаў гэтае пытанне вельмі канкрэтным чынам, узгадваў канкрэтныя выпадкі. Мне падаецца, што гэта не стала сюрпрызам для беларускіх чыноўнікаў. Думаю, усе разумеюць, што існуюць крокі, якія неабходна зрабіць, каб мы маглі цалкам рэалізаваць патэнцыял адносін паміж ЕС і Беларуссю. Ёсць некаторыя крокі, якія ўжо можна рабіць, але ёсць важныя рэчы, без якіх поўная рэалізацыя патэнцыялу ў адносінах немагчымая.

Еўрарадыё: Як далёка вы можаце пайсці ў наладжванні адносін да таго, як палітвязні выйдуць на свабоду?

Гунар Віганд: Цяпер мы гэта прапрацоўваем, але, безумоўна, будзе лепш для ўсіх, калі абодва бакі будуць настроеныя самым станоўчым чынам і будуць прымаць усё неабходнае, каб поўны патэнцыял супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю быў рэалізаваны. Але гэта немагчыма без значнага прагрэсу ў сферы вяршэнства права, дэмакратыі і правоў чалавека. Нашы адносіны — гэта адносіны не аднаго пытання, у нас пытанняў шмат.

Еўрарадыё: Лідары беларускай апазіцыі вельмі абурыліся, што вы з імі не сустрэліся. З’явіліся меркаванні, што ЕС шукае сабе новых партнёраў для супрацоўніцтва ў Беларусі…

Гунар Віганд: Калі прыязджаеш у краіну на абмежаваны час, то не магчыма кожны раз сустрэцца з кожным. Тыя самыя апазіцыйныя лідары сказалі, што я не сустракаўся ні са сваякамі палітычных зняволеных, ні з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Што абсалютна не так! Я сустракаўся з лідарамі апазіцыяй некалькі разоў. І не толькі ў Мінску, але і ў Бруселі. З імі сустракаліся і еўракамісары, і кіраўнікі дыпламатычных місій не даўней, як 10 дзён таму. Мы падтрымліваем адносіны з прадстаўнікамі ўсіх колаў і спадзяёмся паглыбіць нашы адносіны з усімі коламі.

На заканчэнне кароткай сустрэчы Гунар Віганд паведаміў, што на наступным тыдні ў Бруселі адбудзецца працяг перамоў паміж Беларуссю і ЕС па пытанні спрашчэння візавага рэжыму. 

Фота: Змітра Лукашука.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі